MAP

Катэдральны касцёл у Сіднэі Катэдральны касцёл у Сіднэі  (AFP or licensors)

"Другая вясна" Касцёла ў Аўстраліі: колькасць вернікаў расце

У Сіднэі і іншых частках Аўстраліі адбываецца "другая вясна" каталіцкай веры, што абвяргае распаўсюджанае меркаванне пра непазбежны заняпад рэлігіі, заявіў арцыбіскуп Энтані Фішэр падчас сустрэчы Сіднэйскай каталіцкай бізнес-супольнасці (Sydney Catholic Business Network).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выступаючы перад прадпрымальнікамі, арцыбіскуп Фішэр падзяліўся канкрэтнымі данымі, якія сведчаць аб адраджэнні рэлігійнага жыцця ў Аўстраліі. Ён адзначыў, што колькасць удзельнікаў “Абраду выбрання” (падрыхтоўкі да далучэння да хрысціянскай супольнасці) у 2025 годзе вырасла на 26%, і рост трывае ўжо пяць гадоў запар.

"Гэта не толькі людзі, выхаваныя ў веры, якія вяртаюцца ў Касцёл – гэта асобы з самага рознага асяроддзя, якія ўпершыню сустракаюцца з каталіцкай верай і знаходзяць у ёй нешта глыбока кранальнае", - патлумачыў арцыбіскуп-мітрапаліт Сіднэя.

Сярод іншых станоўчых паказчыкаў ён назваў рэкордную колькасць запісаў у каталіцкія школы, рост рэлігійнасці навучэнцаў, павелічэнне колькасці вернікаў на нядзельных Імшах і рост колькасці пакліканняў. "У апошні месяц мы пасвяцілі біскупа, двух дыяканаў, а заўтра – святара. Гэта ўжо будзе 36-е пасвячэнне з 2015 года", - адзначыў іерарх.

Аўстралійскія даследаванні паказваюць, што каля 800 тысяч чалавек, якія ў перапісе 2016 года заявілі пра "адсутнасць рэлігіі", у перапісе 2021 года вызначылі сябе як хрысціяне. На пытанне пра прычыны гэтай з'явы арцыбіскуп адказаў: "Самы просты адказ – гэта Дух Святы", дадаўшы, што многіх да разважання над сэнсам жыцця падштурхнула пандэмія COVID-19.
 

04 чэрвеня 2025, 11:48