1700-годдзе Нікейскага Сабора: сустрэча біскупаў Еўропы ў Турцыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасяджэнне, арганізаванае Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) у супрацоўніцтве з епіскапатам Турцыі, пройдзе з 15 па 18 чэрвеня 2025 года на тэму – “Рэформа касцельных структур у місіянерскай і сінадальнай перспектыве”.
Месца правядзення сёлетняй сустрэчы генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў мае сімвалічнае значэнне і адсылае да 1700-годдзя першага Экуменічнага Сабору ў гісторыі Касцёла, які адбыўся ў 325 годзе ў Нікеі (сёння горад Ізнік у Турцыі). Тады больш за 300 біскупаў сабраліся, каб разам распрацаваць адзіны сімвал веры, вырашыць фундаментальныя супярэчнасці адносна боскай прыроды Хрыста і ўмацаваць адзінства Касцёла, аслабленае арыянскай ерассю.
Экуменічнае вымярэнне будзе адчувацца на працягу ўсяго пасяджэння, бо адным з галоўных пунктаў праграмы стане сустрэча еўрапейскіх біскупаў з Патрыярхам Барталамеем І і візіт у Ізнік – месца правядзення Нікейскага Сабору.
Падчас нарады генеральныя сакратары епіскапатаў прымуць удзел у трох працоўных сесіях, прысвечаных розным тэмам, звязаным з рэалізацыяй сінадальнасці і рэформы біскупскіх канферэнцый у святле Апостальскай канстытуцыі “Praedicate Evangelium”, - паведаміла ў афіцыйным камюніке Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.