Леў XIV: першы месяц пантыфікату вачыма манахіні-бенедыктынкі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Споўніўся роўна месяц з моманту пачатку пантыфікату Папы Льва XIV, і гэта адзначыла сваімі разважаннямі маці Ігнацыя Анджэліні, бенедыктынка і тэолаг, якая нядаўна выступала з медытацыямі падчас Сінода Біскупаў па сінадальнасці.
Ураўнаважаны ў жэстах і асцярожны ў словах
"Мяне ўразіў стыль Папы: ён вельмі ўраўнаважаны ў жэстах і асцярожна ўзважвае словы. Я бачу глыбокую пераемнасць у асноўных мэтах: адзінства, мір, клопат пра чалавека", - адзначае італьянская манахіня ў сваім каментары.
У выбары імя Леў бенедыктынка бачыць адсылку да сілы і магутнасці, а таксама рашучасці і вернасці, у суаднясенні з біблейскім "львом з пакалення Юды, вобразам, багатым на значэнне".
У цэнтры цяперашняга пантыфікату знаходзіцца таксама галоўная для манастырскай традыцыі тэма супольнасці, а таксама сацыяльнай адказнасці.
Аўтарытэт як служэнне адзінству
Адначасова, на думку маці Ігнацыі, Леў XIV увасабляе аўтарытэт, разуметы як служэнне адзінству, у пераемнасці з вышэйзгаданым Сінодам.
"Гэта не ўладная настаўніцкая пазіцыя, а хутчэй уменне спадарожнічаць і клапаціцца", - падкрэслівае тэолаг, характарызуючы стыль новага Пантыфіка.
Бенедыктынка прыгадвае выслоўе святога Аўгустына, якое часта паўтарае Папа: "З вамі я хрысціянін, для вас – біскуп". Гэтыя словы, разам з самастрыманасцю і клопатам пра адносіны, вызначаюць "абяцальны пачатак, складзены з канкрэтных знакаў і глыбокай адданасці служэнню", - адзначае маці Ігнацыя Анджэліні.