13 мая: дзень, які злучыў Яна Паўла II і Фаціму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Для Яна Паўла II Фаціма была не проста партугальскім санктуарыем, але жывым духоўным дарожным указальнікам. Папа адчытваў яе як асабістае пакліканне і місію ў дачыненні да свету, знаходзячы ў драматычных падзеях свайго пантыфікату знакі Божага Провіду, піша Малгажата Оронь з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта (KUL) у артыкуле для "KAI".
Адна рука страляла, а другая кіравала кулю
Гэтыя словы Яна Паўла II сталі вызначальнымі для разумення яго стаўлення да замаху і выратавання. Падчас аднаўлення ў шпіталі ён запатрабаваў усе дакументы, звязаныя з фацімскімі аб'яўленнямі, паглыбляючыся ў іх сэнс. Менавіта тады ў яго сфарміравалася перакананне, што Фаціма змяшчае адказ на духоўныя пагрозы сучаснасці.
"Зразумеў, што адзіным спосабам выратавання свету ад вайны, ад атэізму, з'яўляецца навяртанне Расіі згодна з пасланнем Фацімы," - сказаў ён, пакідаючы шпіталь.
Папа тройчы наведаў Фаціму – у 1982, 1991 і 2000 гадах, кожны раз 13 мая. Падчас першага візіту, усяго праз год пасля замаху, Ян Павел II прынёс у дар Маці Божай кулю, якая ледзь не абарвала яго жыццё. Яна была змешчана ў карону фігуры Марыі як выраз удзячнасці і веры.
Заклік Марыі не аднаразовы
"Яе заклік павінен быць падхоплены з пакалення ў пакаленне, у адпаведнасці з новымі знакамі часу. Да яго трэба няспынна вяртацца. Трэба яго пастаянна прымаць нанова," - сказаў Папа падчас пілігрымкі ў Фаціму.
Цікавы факт – менавіта ў дзень першай гадавіны замаху, 13 мая 1982 года, на Яна Паўла II быў здзейснены яшчэ адзін напад у Фаціме. Нападнікам быў 32-гадовы іспанец Хуан Фернандэс Крон, святар з непрызнанага Касцёлам “Брацтва Пія X”, які спрабаваў атакаваць Пантыфіка з нажом. Дзякуючы Швейцарскай Гвардыі, Ян Павел ІІ не пацярпеў.
Другая пілігрымка ў Фаціму ў 1991 годзе адбывалася ўжо ў іншым свеце – пасля падзення камунізму ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, што многімі ўспрымалася як здзяйсненне аднаго з галоўных жаданняў фацімскага паслання – перамогі Беззаганнага Сэрца Марыі над бязбожнай ідэалогіяй.
У 2000 годзе, падчас Вялікага Юбілею, Ян Павел II абвясціў благаславёнымі фацімскіх дзяцей – Францішка і Гіяцынту. У гаміліі ён выказаў перакананне, што "дзеці, якім аб'явілася Марыя, сталі прарокамі апошніх часоў – не праз словы, але праз прастату, ахвярнасць і малітву".
Фаціма – не закрыты раздзел гісторыі
Для Яна Паўла II Фаціма была не толькі гістарычнай падзеяй, але і пастаянным выклікам – заклікам да малітвы, пакуты, навяртання і даверу. У цэнтры гэтага паслання стаіць не страх, а надзея – што свет можа змяніцца, калі чалавек адкрые сваё сэрца Богу.
Духоўная спадчына Папы, які быў паранены менавіта ў дзень фацімскай гадавіны і зрабіў Марыю сваім правадніком, застаецца тэстаментам для Касцёла і свету – не забываць пра найважнейшае і бачыць у гістарычных падзеях знакі Божай прысутнасці і клопату.