Ватыканіст: прыярытэт Льва XIV – клопат пра адзінства Касцёла
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дзеянні па аднаўленні традыцыйных знакаў папскага служэння пачаліся амаль неадкладна і працягваюцца, хоць і стрымана, ад таго моманту, калі ён з’явіўся ў лоджыі благаслаўленняў, апрануты ў мацэту”, - заўважыў італьянскі журналіст. Іншы стрыманы знак, які ён згадаў – вяртанне працэсіі Божага Цела на традыцыйны маршрут: ад Базілікі святога Яна на Латэране да Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ.
“Леў XIV аднаўляе сувязь з горадам Рымам, якую Папа Францішак, пэўным чынам, перарваў. Папа Леў XIV вернецца ў Апостальскі палац, і рымляне з нецярпеннем чакаюць з’яўлення святла ў акне, каб зноў адчуць блізкасць Папы”, - лічыць Гальярдучы.
На думку ватыканіста, новы Пантыфік, тым не менш, знаходзіцца па-за даўнімі дыскусіямі паміж кансерватарамі і прагрэсістамі, бо паходзіць з іншага пакалення.
Каментуючы першыя прызначэнні Льва XIV, Гальярдучы заўважыў, што яны “былі прадуманыя яшчэ да пачатку яго пантыфікату”, а Папа іх зацвердзіў і прыняў. “Увогуле, яшчэ занадта рана аналізаваць рашэнні Папы Льва XIV, а тым больш вызначаць кірунак яго пантыфікату, улічваючы, што пад яго подпісам пакуль вельмі мала дакументаў. Усе прызначэнні былі падрыхтаваныя даўно – у межах даволі працяглага працэсу, які, праўда, Папа мог бы спыніць, але не зрабіў гэтага. Гэта можа быць знакавым, але што менавіта гэта значыць – пакуль не вядома”, - падкрэсліў эксперт.
“Пакуль можна сказаць, што пантыфікат Папы Льва XIV праходзіць у духу спакою. Няма ніякай рэвалюцыі адносна мінулага, ніякага разрыву з папярэднім пантыфікатам. Розніца заключаецца ў яго стылі, яго стаўленні да іншых і ў тым, як ён разумее сутнасць папскага служэння”, - дадаў Андрэа Гальярдучы.
Згадваючы пра сімвалічнае вяртанне да традыцыйнай вопраткі Рымскім Пантыфікаў, Гальярдучы перакананы, што Леў XIV – гэта Папа, які не ставіць сваю асобу вышэй за інстытут, які прадстаўляе.
“Папа Леў XIV будзе працаваць над пераадоленнем палярызацыі, што ўзнікла ў Касцёле, і зробіць гэта без канфліктаў. Усе, хто яго ведае, адзначаюць, што ён слухае не толькі для таго, каб прымаць рашэнні, але і каб зразумець сітуацыю”, - напісаў ватыканіст, выказваючы меркаванне, што прымірэнне будзе азначаць “новы погляд на традыцыяналісцкі свет і многія іншыя рэальнасці Касцёла, якія ў пэўным сэнсе былі маргіналізаваныя”.
На думку Андрэа Гальярдучы, Леў XIV атрымаў у спадчыну ад папярэднікаў складаныя праблемы, і пакуль яшчэ зарана, каб зразумець, як ён будзе іх вырашаць. “Ён будзе дзейнічаць так, як дзейнічалі Папы заўсёды – збіраць вакол сябе людзей з рознымі поглядамі, імкнучыся збалансаваць пазіцыі ў Касцёле, а не схіліць іх у адзін бок”, - заўважыў эксперт.
Гальярдучы мяркуе, што, магчыма, пройдзе два гады, перш чым Леў XIV скліча кансісторый для прызначэння новых кардыналаў. Калі ён гэта зробіць, яго курс будзе скіраваны, хутчэй, на прымірэнне, чым на падзел. “Папа перш за ўсё атрымаў мандат на адзінства. Ён будзе мець поспех толькі тады, калі, нягледзячы ні на што, здолее захаваць адзінства Касцёла”, - перакананы Андрэа Гальярдучы.