Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Будславе святкуюць Сусветны дзень дзіцяці. 31 мая 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі праходзіць мерапрыемства, спалучанае са штогадовым спатканнем першакамунійных дзяцей. На свята запрасілі дзетак з усіх дыяцэзій Беларусі. У праграме – святая Імша, забаўляльная праграма з майстар-класамі і гульнямі, малітва прадстаўнікоў розных канфесій.
Дыяканскае пасвячэнне ў Глыбокім прынялі чатыры выпускнікі семінарый. 24 мая 2025 года ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне семінарыстам рыма-католікам Антону Тышко і Андрэю Янулю, а таксама семінарыстам візантыйскага абраду Арцёму Калугіну і Валерыю Гаўруту. Дыяканскае пасвячэнне яшчэ дваіх выпускнікоў гродзенскай семінарыі – Марціна Лудзіча і Яраслава Казлоўскага – запланавана на 31 мая ў Гродне.
Caritas Віцебскай дыяцэзіі адзначыў свой срэбны юбілей. 28 мая 2025 года ў катэдральным касцёле дзякавалі Богу за 25-годдзе існавання ў дыяцэзіі гэтай дабрачыннай арганізацыі. Святую Імшу з гэтай нагоды цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Свята адбылося пры ўдзеле замежных гасцей і прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў. Упрыгожылі мерапрыемства музычныя нумары ад выканаўцаў Віцебскай абласной філармоніі.
У Гродзенскай семінарыі адзначылі 20-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння трох юбіляраў. Гэта дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, пракуратар гродзенскай семінарыі ксёндз Валерый Аброшка і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах ксёндз Павел Ствол. 28 мая 2025 года яны раздзялілі радасць святкавання з семінарыйнай супольнасцю. Біскуп Андрэй Зноска цэлебраваў святую Імшу, на якой прысутнічалі студэнты і выкладчыкі.
У парафіях Беларусі адбыліся Імшы ў інтэнцыі выпускнікоў. Такую Імшу цэлебравалі, напрыклад, у Іўі – 24 мая 2025 года ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла выпускнікі школ разам з бацькамі наведалі парафіяльную святыню. Імша стала нагодай падзякаваць Богу за час вучобы і за ўсіх, хто дапамагаў у ёй, прасіць Святога Духа аб дапамозе на далейшым жыццёвым шляху. Святары ўдзялілі маладым людзям благаслаўленне.
Падрыхтавана паводле catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.