MAP

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Віншаванне нунцыя, кансэкрацыя святыні – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Беларускія іерархі віншуюць Апостальскага нунцыя з біскупскім пасвячэннем. У прыватнасці, біскуп Гродзенскі скіраваў віншаванне арцыбіскупу Іньяцыё Чэффаліа, які 22 мая 2025 года прыняў біскупскае пасвячэнне, удзеленае кардыналам П'етро Паралінам. Біскуп Уладзімір Гуляй запэўніў прадстаўніка Папы Льва XIV ў гарачай малітве і адзначыў, што супольнасць дыяцэзіі з надзеяй чакае яго прыбыцця ў краіну. Ардынарый пажадаў нунцыю благаслаўлення Нябеснага Айца, моцы Уваскрослага Хрыста, святла Духа Святога, заступніцтва Божай Маці.

У Пінскай дыяцэзіі – чарговае свята кансэкрацыі святыні. У гэты раз на ўрачыстасць пасвячэння касцёла да 100-годдзя заснавання дыяцэзіі біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка запрасіў у пасёлак Гарадзец каля Кобрына. Тут 24 мая 2025 года адбываецца кансэкрацыя касцёла Езуса Хрыста Добрага Пастыра. Гэты храм, які паўстаў у 2017 годзе, – ужо чацвёрты касцёл, адбудаваны мясцовай парафіяй за апошнія стагоддзі. Са старадаўняга касцёла ў Гарадцы захаваўся абраз Божай Маці, які пасля рэстаўрацыі заняў месца ля алтара новай святыні.

Чатыры студэнты сёлета сталі выпускнікамі Гродзенскай семінарыі. Вучобу паспяхова завяршылі Андрэй Януль, Антон Тышко, Марцін Лудзіч і Яраслаў Казлоўскі. У хуткім часе яны прымуць дыяканскае пасвячэнне. Дваім выпускнікам семінарыі, якія паходзяць з Віцебскай дыяцэзіі, удзеліць пасвячэнне біскуп Віцебскі. Іншыя двое хлопцаў – з Гродзенскай дыяцэзіі, яны атрымаюць пасвячэнне з рук біскупа Гродзенскага.

Завершаны тэндар па рэканструкцыі Чырвонага касцёла ў Мінску. Як пазначана на пляцоўцы нацыянальнага цэнтру маркетынга, закупка па замове прадпрыемства "Мінская спадчына" па выбары генеральнай падраднай арганізацыі, якая будзе займацца рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй зачыненага касцёла святога Сымона і святой Алены, адбылася. Паводле ўмоваў тэндару, працы, якія працягнуцца 20 месяцаў, павінны пачацца ў чэрвені 2025 года, а здаць будынак у эксплуатацыю плануецца ў студзені 2027 года.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, pinskdiocese.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

24 мая 2025, 09:04