MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Новыя святары, фэст, дзяржаўная перарэгістрацыя – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Фэст святога Андрэя Баболі праходзіць у Іванаве. 17 мая 2025 года вернікі Пінскай дыяцэзіі і пілігрымы з іншых мясцін Беларусі прыбылі ў санктуарый святога Андрэя Баболі, пабудаваны каля месца яго мучаніцтва. Фэст традыцыйна распачаўся з малітоўнай працэсіі па шляху мучаніцтва святога, заступніка Пінскай дыяцэзіі. Пасля запланавана святая Імша з удзелам біскупаў, святароў, пілігрымаў.

Двое новых святароў пасвечаны ў адзін дзень. 10 мая 2025 года ў мінскім катэдральным касцёле дыякан Аляксандр Шыманскі прыняў святарскае пасвячэнне, якое ўдзяліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Аляксандр паходзіць з Мінску, скончыў Гродзенскую семінарыю. У той жа дзень у польскім горадзе Алтажэў беларускі дыякан з Таварыства каталіцкага апостальства Віталій Міцкевіч прыняў святарскае пасвячэнне. Ён родам з Кобрынскага раёну, шлях да святарства пачынаў у Пінскай семінарыі.

Гродзенская дыяцэзія і некаторыя яе парафіі атрымалі пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі. 15 мая 2025 года ў будынку Апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адбылося ўрачыстае ўручэнне рэгістрацыйных дакументаў рэлігійнага аб'яднання. Упаўнаважаны Аляксандр Румак перадаў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю. Таксама ў Дзятлаўскім райвыканкаме пробашчы мясцовых парафій атрымалі пасведчанні аб дзяржаўнай рэгiстрацыi рэлігійных арганізацый.

Біскуп Віцебскі ў срэбны юбілей святарства пасадзіў дуб у Шуміліне. 13 мая 2025 года фэст у санктуарыі Маці Божай Фацімскай узначаліў біскуп Алег Буткевіч, які 25 год таму ў гэты дзень прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Падчас урачыстасцяў ён пасадзіў ля касцёла дуб – сімвал фацімскіх аб'яўленняў. Іерарх пажадаў, каб гэта дрэва ў Шуміліне нагадвала пра аб'яўленні Маці Божай і стала "сімвалам і знакам моцы Каталіцкага Касцёла ў свеце і на нашай зямлі".

Найстарэйшы святар Беларусі адзначыў 94-годдзе. 14 мая 2025 года святкаваў дзень нараджэння ксёндз Юзаф Пятушка, які жыве і служыць у парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. З гэтай нагоды старшыня епіскапату арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, скіраваў да яго віншаванне, у якім падзякаваў Богу за доўгія гады жыцця і служэння святара. Іерарх пажадаў яму духоўнай моцы, заступніцтва Маці Божай Фацімскай, апекі святога Юзафа.

З вядомым рэлігіязнаўцам развіталіся ў гомельскім касцёле. У парафіі Нараджэння Божай Маці 17 мая 2025 года падчас пахавальнай святой Імшы вернікі развіталіся з Віктарам Адзіночанка, які адыйшоў у вечнасць на 63-м годзе жыцця пасля імклівай хваробы. Шмат гадоў ён выкладаў рэлігіязнаўства і філасофію, быў кандыдатам філасофскіх навук, аўтарам шматлікіх навуковых публікацый, госцем праграм Ватыканскага радыё.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, pinskdiocese.by, catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.

17 мая 2025, 08:32