Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Беларусі моляцца за кардыналаў, якія будуць выбіраць Папу. Камісія Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры епіскапаце прапанавала "Малітву аб дарах Духа Святога" для кардыналаў, якія 7 мая 2025 года збяруцца ў Ватыкане. Малітва прадугледжвае сем заклікаў аб дарах Духа Святога для кардыналаў-выбаршчыкаў на паасобныя дні мая перад распачаццем канклава. Таксама біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка запрасілі вернікаў дыяцэзій да малітвы ў інтэнцыі абрання новага Пантыфіка.
У Мінску ўзнагародзілі наведвальнікаў стацыйных касцёлаў. 27 красавіка 2025 года ў архікатэдры адбылася святочная Імша за ўсіх "пілігрымаў надзеі" – наведвальнікаў стацыйных касцёлаў. Такіх асобаў было болей за сто – яны атрымалі памятны медаль і пасведчанне пілігрыма. Гэта вернікі, якія на працягу Вялікага посту наведалі ўсе стацыйныя касцёлы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі запрасіў іх на супольную Эўхарыстыю ў Нядзелю Божай Міласэрнасці, святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Біскуп Віцебскі ўзначаліў фэст у маленькай парафіі. 1 мая 2025 года, ва ўспамін святога Юзафа рамесніка, у Гірстунах Глыбоцкага дэканату з удзелам біскупа Алега Буткевіча ўрачыста адзначылі 15-годдзе існавання капліцы святога Юзафа. Пад капліцу тут перабудаваны жылы дом. Вернікі Гірстуноў і навакольных вёсак сустракалі ардынарыя кветкамі і хлебам-соллю. Падчас святой Імшы іерарх засяродзіўся ў гаміліі на постаці святога Юзафа. Свята завяршылася музычнай праграмай ад Дзеркаўшчынскага цэнтра культуры і пачастункам.
Капліцу ў доме сясцёр палатынак у Воранаве асвяціў біскуп Гродзенскі. 27 красавіка 2025 года, у нядзелю Божай Міласэрнасці, ардынарый наведаў манаскі дом Таварыства Сясцёр Місіянерак Каталіцкага Апостальства. На абрадзе асвячэння адноўленай капліцы прысутнічалі сёстры палатынкі і ксяндзы палатыны, якія служаць у воранаўскай парафіі. Іерарх пажадаў палатынкам, каб адноўленая капліца была для іх асаблівым месцам, дзе яны будуць чэрпаць сілы, патрэбныя для выканання штодзённых задач і абавязкаў.
Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў у Маладзечне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 26 красавіка ў касцёле святога Піо, дзе нясуць служэнне капуцыны, сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату прыняў брат Сяргей Гусар. На ўрачыстасць прыехалі капуцыны з усёй Беларусі і з-за мяжы – з Італіі і Польшчы, а таксама сябры, блізкія, родныя і парафіяне. Ганаровы іерарх падкрэсліў літургічны кантэкст урачыстасці – субота ў Актаве Пасхі і вігілія Нядзелі Божай Міласэрнасці. Кажучы пра святарскае пасвячэнне, арцыпастыр зазначыў, што гэта яшчэ адзін знак Божай міласэрнасці ў час секулярызму, маральнага рэлятывізму і духоўнай абыякавасці.
На месцы ляснога пажару ў Воранаўскім раёне маліліся вернікі парафіі ў Радуні. Уначы 1 мая 2025 года вікарый парафіі ксёндз Віталій Валюк разам з жыхарамі вёсак Каргаўды і Пенцянішкі побач з полымем, маліліся праз заступніцтва святой Агаты аб спыненні пажару, які ахапіў дзясяткі гектараў лесу, і за супрацоўнікаў МНС. Парафія паведаміла, што "ў духу адзінства і ўзаемадапамогі мясцовыя жыхары і пажарныя перамаглі агонь".
Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.