Сусветная Рада Цэркваў вітае мірны зварот Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Старшыня цэнтральнага камітэта Рады Генрых Бэдфард-Штром і генеральны сакратар Джэры Пілай 9 мая 2025 года накіравалі ліст новаабранаму Папу, у якім высока ацанілі яго зварот.
"Свет патрабуе справядлівасці, міру, згоды і адзінства", - падкрэсліваецца ў лісце кіраўніцтва экуменічнай асацыяцыі. Яны адзначылі, што абранне новага Папы – гэта не толькі новы этап для Каталіцкага Касцёла, але і магчымасць умацаваць экуменічнае супрацоўніцтва.
У сваім звароце Леў XIV казаў пра місіянерскі, сінадальны Касцёл і надаваў вялікую ўвагу міру і будаванню мастоў. "Гэта знаходзіць вялікі водгук у Сусветнай Радзе Цэркваў", - адзначаецца ў лісце.
Экуменічная асацыяцыя была заснавана ў 1948 годзе, яе штаб-кватэра размяшчаецца ў Жэневе. Яна аб'ядноўвае розныя хрысціянскія канфесіі. Каталіцкі Касцёл не ўваходзіць у склад Сусветнай Рады Цэркваў, але з 1961 года ўдзельнічае ў яе працы ў якасці назіральніка.