MAP

Святар трымае абразік з выявай благаслаўлёнага Станістала Штрайха падчас беатыфікацыйнай Імшы ў Познані Святар трымае абразік з выявай благаслаўлёнага Станістала Штрайха падчас беатыфікацыйнай Імшы ў Познані 

Кардынал Сэмерара: ксёндз Штрайх вучыць супрацьстаяць злу дабром

Перажываць цяжкасці па-хрысціянску – значыць супрацьстаяць злу дабром, - сказаў кардынал Марчэла Сэмерара падчас беатыфікацыі ксяндза Станіслава Штрайха, якая адбылася 24 мая 2025 года ў Познані ў Польшчы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі ў сваёй гаміліі падкрэсліў, што беатыфікацыя ксяндза Штрайха – польскага каталіцкага святара, забітага ў 1938 годзе актывістам камуністычнай партыі падчас цэлебрацыі святой Імшы – з’яўляецца “адной з першых у новым пантыфікаце” і пацвярджае, што “Польшча – гэта зямля святых і благаслаўлёных”.

“Я хачу ўзгадаць святога Яна Паўла ІІ, якога Польшча падарыла Рыму як біскупа і наступніка Пятра; святую Фаустыну Кавальскую, апостала Божай Міласэрнасці; благаслаўлёнага Стэфана Вышыньскага, прымаса Тысячагоддзя; благаслаўлёнага мучаніка Ежы Папялушку, сапраўднага сведку сацыяльнага вучэння Касцёла”, - сказаў іерарх, згадаўшы таксама святога Станіслава, які, паводле традыцыі, быў забіты падчас цэлебрацыі Імшы, што асаблівым чынам лучыць яго з новым благаслаўлёным.

Кардынал Сэмерара падкрэсліў, што ў сваім святарскім і душпастырскім служэнні ксёндз Станістаў Штрайх наследаваў Езуса – Добрага Пастыра. “Ён быў чалавекам, які любіў жыццё, пражыў яго з прастатой і годнасцю і, перш за ўсё, з радасным сэрцам прысвячаў яго супольнасцям, даручаным яму. Гэта пастава і рашучасць духу знайшлі сваё поўнае выкананне ў яго ахвяраванні сабой”, - адзначыў іерарх.

“Сёння мы можам сказаць, што благаслаўлёны Станіслаў Штрайх працягвае прамаўляць, але ўжо не з катэдры касцёла, дзе быў варварскі забіты, а з катэдры свайго ахвяраванага жыцця. Яго слова вучыць нас надзеі і даверу да Бога нават сярод выклікаў і выпрабаванняў нашага часу”, - падкрэсліў папскі легат.

“Благаслаўлёны Станіслаў Штрайх вучыць нас, што там, дзе зло праяўляецца найбольш моцна, мы можам яшчэ глыбей шукаць Бога і Яго любоў. Тады зло ўжо не з’яўляецца перашкодай, але становіцца магчымасцю для аднаўлення акту веры: “Божа мой, давяраю Табе”. Перажываць цяжкасці па-хрысціянску – значыць супрацьстаяць злу дабром: дабром любові і самапрысвячэння, прабачэння і малітвы”, - дадаў кардынал Сэмерара.

Паводле іерарха, ахвяраванне ўласнага жыцця, здзейсненае ксяндзом Штрайхам – гэта заклік жыць у духу ўзаемнасці, прымаючы іншых з іх патрэбамі і цяжкасцямі, нават калі гэта патрабуе ўчынкаў міласэрнасці. “Кожны раз, калі мы прымаем адзін аднаго, калі адкладаем у бок недавер і страх і гатовыя асабіста заплаціць цану за дабро іншых, мы становімся “добрымі пастырамі” – такімі, якім быў Езус Хрыстус, Добры Пастыр нашага жыцця, і якім стаў наш новы благаслаўлёны – Яго верны вобраз”, - сцвердзіў ватыканскі прэфект.

Кардынал таксама падкрэсліў каштоўнасць прыкладу ксяндза Штрайха для сучасных святароў. “Мы ведаем, што наш час бывае варожым да абвяшчэння Евангелля. Таму мы пакліканыя жыць як апосталы і місіянеры – не ў далёкіх краінах, а ў нашай Еўропе, якая з даўніх часоў з’яўляецца традыцыйна каталіцкай. Мы маем заданне нанова абвяшчаць пасланне Хрыста так, каб яно прамаўляла да сучаснага чалавека”, - адзначыў ён.

“Адважней – кажа нам благаслаўлёны Станіслаў. Няхай нам не бракуе творчасці і адвагі, свабоды і шчодрасці, каб выйсці насустрач тым, хто і сёння так моцна патрабуе Хрыста і Яго праўдзівага слова”, - дадаў прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі.
 

24 мая 2025, 16:38