MAP

Першы сусветны сабор у Нікеі Першы сусветны сабор у Нікеі 

Рым: канферэнцыя, прысвечаная 1700-годдзю Нікейскага сабора

20 мая 2025 года ў Папскім Урбаніянскім універсітэце ў Рыме прайшла навуковая канферэнцыя, прымеркаваная да 1700-годдзя Першага сусветнага сабора (325-2025).

Марыя Валодзіна - Vatican News

Форум з удзелам вядучых тэолагаў і даследчыкаў быў прысвечаны вывучэнню дакумента “Езус Хрыстус, Сын Божы, Збаўца. 1700-годдзе Нікейскага Сусветнага Сабора (325–2025)”, які некалькі тыдняў таму апублікавала Міжнародная тэалагічная камісія.

У сваёй прамове да ўдзельнікаў мерапрыемства кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, адзначыў, што "Нікея была сусветным саборам у самым першапачатковым сэнсе гэтага слова: у ім павінны былі ўдзельнічаць біскупы з усіх куткоў свету. Выбар горада быў геаграфічным, да яго было лёгка дабрацца. Такім чынам, Нікея стала заклікам да ўнутранага адзінства, каб еднасць ў істотным прыносіла нам радасць і ўмацоўвала нас”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел шэраг экспертаў міжнароднага ўзроўню: генеральны сакратар Міжнароднай тэалагічнай камісіі айцец П'ера Кода; бразільскі біскуп Антоніу Луіс Катэлан Ферэйра; французскі тэолаг, айцец Філіп Вален; член тэалагічнай камісіі, айцец Марыё Анхель Флорэс Рамас з Мексікі; аўстрыйскі прафесар тэалогіі Марыяна Шлосер; французскі біскуп Эцьен Эмануэль Вэто; нямецкі тэолаг, айцец Карл-Хайнц Менке; і айцец Габі Альфрэд Хачэм з Лівана.

За дзень да канферэнцыі, 19 мая 2025 года, Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея І і запэўніў яго ў сваім шчырым жаданні наведаць Нікею цягам гэтага года.

21 мая 2025, 12:58