MAP

Кандыдаты да беатыфікацыі , якія жылі і працавалі на тэрыторыі сучаснай Расіі. (фота з сайта cathmos.ru) Кандыдаты да беатыфікацыі , якія жылі і працавалі на тэрыторыі сучаснай Расіі. (фота з сайта cathmos.ru) 

У Расіі завяршылася дыяцэзіяльная фаза беатыфікацыі мучанікаў

У Маскве 23 мая 2025 года завяршылася дыяцэзіяльная фаза працэсу беатыфікацыі дзесяці каталіцкіх мучанікаў ХХ стагоддзя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Група новых мучанікаў аб'ядноўвае дзесяць асоб, якія пацярпелі ад камуністычных рэпрэсій. Галоўнай фігурай працэсу, які быў рэарганізаваны ў 2021 годзе, з'яўляецца біскуп Антоні Малэцкі (1861-1935). Акрамя яго, у групу ўваходзяць: прэлат Канстанцін Будкевіч (1867-1923); святары Ян Тройга (1881-1932), Павел Хоміч (1893-1941), Францішак Будрыс (1882-1937), Антоні Чэрвінскі (1881-1938); маці Кацярына Сіенская OPL (Ганна Абрыкосава; 1883-1936); свецкая верніца Каміла Крушэльніцкая (1892-1937).

Забітыя як мучанікі падчас бальшавіцкага пераследу

Усе яны былі забіты як мучанікі падчас бальшавіцкага пераследу. Дыкастэрыя па справах кананізацыі зацвердзіла далучэнне да групы біскупа Караля Слівоўскага (1855-1933) з Уладзівастока і святара Антонія Дземяшкевіча (1881-1938) з парафій Ніжняга Ноўгарада і Уладзіміра, дзе захоўваецца іх прыватнае шанаванне.

У сваім дакладзе ў сувязі з завяршэннем дыяцэзіяльнай фазы арцыбіскуп Паўла Пецы, пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, нагадаў гісторыю, звязаную з гэтымі мучанікамі. "Як вядома, - адзначыў ён, - савецкая ўлада і, асабліва, органы дзяржаўнай бяспекі стараліся ілжыва абвінавачваць вернікаў у злачынствах супраць дзяржавы і такім чынам зруйнаваць уплыў веры на грамадства".

Вера – гэта пытанне жыцця ці смерці

Іерарх падкрэсліў, што "вера заўсёды і непазбежна з'яўляецца таксама судом над светам і грамадствам, у якім жывуць вернікі", "для мучаніка вера – гэта пытанне жыцця ці смерці".

Пецы нагадаў пра спробы НКВД дыскрэдытаваць сведчанне хрысціян. Для гэтых мучанікаў, сказаў арцыбіскуп, "місія, гэта значыць усведамленне таго, што яны пасланы ў грамадства сведчыць пра прыгажосць і дабрыню жыцця ў Хрысце, з'яўляецца пастаянным вымярэннем жыцця". Ён адзначыў, што іх сведчанне сілілася супольнасцю, нават у лагерах, дзе "перажытая на вопыце супольнасць пераадольвала межы розных Цэркваў", што дае падставы казаць пра "экуменізм мучаніцтва".

Экуменізм мучаніцтва – досвед хрысціянскай любові, а не ідэалогія

"Экуменізм – гэта не ідэалогія талерантнасці, а досвед хрысціянскай любові. Як вядома, экуменізм азначае каталіцкасць, гэта значыць пазіцыю, погляд, з якімі той, хто належыць Хрысту, можа звярнуцца да ўсяго", - дадаў пастыр дыяцэзіі ў Маскве.

Завяршэнне дыяцэзіяльнай фазы беатыфікацыйнага працэсу Слуг Божых, якія жылі і працавалі на тэрыторыі сучаснай Расіі, дае магчымасць перадаць дакументы ў Дыкастэрыю па справах кананізацыі для далейшых працэдур.
 

30 мая 2025, 11:33