MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Экуменічныя масты: пасланні праваслаўных патрыярхаў Льву XIV

Праваслаўныя Патрыярхі з Румыніі і Расіі накіравалі віншавальныя пасланні новаабранаму Папу Льву XIV, падкрэсліваючы важнасць хрысціянскага адзінства ў сучасным свеце і выказваючы спадзяванне на развіццё міжцаркоўнага дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Румынскі Праваслаўны Патрыярх Даніэль распачаў сваё пасланне традыцыйным велікодным прывітаннем "Хрыстос уваскрос!". Ён выказаў перакананне, што Папа Леў XIV "будзе працягваць падтрымліваць дух дыялогу, міру і супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Румыніі".

Патрыярх таксама выказаў спадзяванне на працяг падтрымкі румынскіх праваслаўных вернікаў, якія жывуць у краінах Заходняй Еўропы, асабліва ў Італіі, як гэта рабілі папярэднікі новага Папы.

Узаемаадносіны хрысціянскага Усходу і Захаду набываюць асаблівае значэнне для лёсаў свету

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у сваім пасланні, накіраваным 9 мая 2025 года, адзначыў, што Папа Леў XIV пачынае сваё служэнне "ў асаблівы гістарычны момант, звязаны як з шэрагам цывілізацыйных выклікаў, так і з пэўнымі знакамі надзеі".

"Шчыра спадзяюся, што пры Вашым удзеле адносіны нашых Цэркваў будуць паступальна развівацца для сумеснага сведчання аб Хрысце і з'яўлення чалавецтву вечнай прыгажосці жыцця, заснаванай на запаведзях Божых", - напісаў Патрыярх Кірыл.

Сведчанне аб Хрысце – агульная місія ў часы цывілізацыйных выклікаў

Кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы таксама адзначыў сімвалічнасць абранага Папам імя, якое адсылае да асобы аднаго з яго вялікіх папярэднікаў – святога Льва, Папы Рымскага, які шануецца як у каталіцкай, так і ў праваслаўнай традыцыі. Патрыярх Кірыл ахарактарызаваў святога Льва I Вялікага як "абаронцу хрысціянскай супольнасці Рыма перад тварам варварскіх нашэсцяў, змагара за вучэнне аб паўнаце Боства і чалавецтва Езуса Хрыста і стваральніка адзінства ў ісціне".

Варта адзначыць, што Румынію, пераважна праваслаўную краіну, наведвалі два Папы: Ян Павел II (у 1999 годзе) і Францішак (у 2019 годзе). Гэтыя гістарычныя візіты значна ўмацавалі адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Віншаванні праваслаўных патрыярхаў падкрэсліваюць значэнне экуменічнага дыялогу ў сучасным свеце і адлюстроўваюць імкненне праваслаўнай супольнасці да ўмацавання хрысціянскага адзінства перад абліччам глабальных выклікаў.
 

10 мая 2025, 11:06