MAP

Папа Леў XIV падчас біскупскага служэння ў Перу Папа Леў XIV падчас біскупскага служэння ў Перу 

Перу: Роберт Прэвост – нешматслоўны аскет і місіянер

Генеральны сакратар Сацыяльнай камісіі пры Канферэнцыі Біскупаў Перу (CEAS) у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву KNA распавяла пра асобу новаабранага Папы Льва XIV і яго служэнне ў Перу.

Ян Глінскі

“Будучы біскупам дыяцэзіі Чыклая на поўначы Перу, Роберт Прэвост не толькі наведваў свае парафіі на кані”, - расказала Сільвія Алаё Давіла, але часам падчас пастырскіх візітаў у аддаленыя рэгіёны ён начаваў нават у авечых загонах.

Па словах юрысткі, для кардынала Прэвоста было важна, каб людзі “звярталіся да яго па імені”: “Для нас ён быў проста Роберт”. Давіла, якая па жаданні біскупа Прэвоста ўзначаліла сацыяльную камісію пры епіскапаце, ўказала таксама на тое, што ён надаваў вялікае значэнне пазіцыі жанчын у Каталіцкім Касцёле. “Новы Папа не з’яўляецца рэвалюцыянерам, ён шануе правілы і запаведзі Касцёла”, - дадала яна.

Сільвія Алаё Давіла звярнула ўвагу на нешматслоўнасць Прэвоста, які на лісты адказвае, як сапраўдны матэматык: вельмі хутка і вельмі лаканічна. “Калі я пакідала на яго стале бюджэтныя планы і справаздачы, ён заўсёды вельмі хутка заўважаў памылкі і супярэчнасці ў разліках. А потым скардзіўся, што як юрыст, я не магла гэтага не ведаць”, - падзялілася ўспамінамі былая супрацоўніца новага Папы.

Згадваючы сацыяльную дзейнасць кардынала Прэвоста ў Перу, Алаё Давіла падкрэсліла, што ён заўсёды засяроджваўся на канцэпцыі цэласнага развіцця чалавека. Ён дабіваўся, каб бедныя таксама мелі права ўплываць на палітычныя рашэнні, а ў Касцёле выступаў за тое, каб і свецкія прымалі ўдзел у прыняцці рашэнняў.

Роберт Прэвост прыбыў з ЗША у Перу ў 1985 годзе спачатку як місіянер ў тэрытарыяльнай прэлатуры Чулуканас. Пасля вярнуўся на радзіму, у амерыканскі штат Ілінойс, дзе каля года ўзначальваў місію сваёй манаскай правінцыі. Затым на працягу дзесяці гадоў з’яўляўся дырэктарам сумеснага праекта па падрыхтоўцы аспірантаў Ордэна святога Аўгустына з вікарыятаў Чулуканас, Ікітас і Апурымак у перуанскай архідыяцэзіі Трухільё. У 1998 годзе вярнуўся ў Чыкага і стаў прыёрам мясцовай правінцыі ордэна, а ў 2001 годзе – генеральным прыёрам Ордэна Святога Аўгустына ў Рыме.

У Перу Прэвост вярнуўся ў 2014 годзе ў якасці Апостальскага адміністрата Чыклая. У 2015 годзе ён быў прызначаны дыяцэзіяльным біскупам Чыклая. У 2023 годзе Папа Францішак прызначыў іерарха прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў.
 

30 мая 2025, 11:56