Нунцый у Перу: місіянерскі досвед Папы – каштоўнасць пантыфікату
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Уся краіна радуецца абранню Льва XIV, бо ён правёў у Перу большую частку свайго жыцця”, - адзначыў папскі дыпламат у размове з журналісткай Бэнэдэтай Капэлі.
Арцыбіскуп Гуальцьеры нагадаў, што Роберт Фрэнсіс Прэвост прыбыў у Перу вельмі маладым святаром і місіянерам. Потым ён стаў выкладчыкам духоўнай семінарыі, двойчы абіраўся правінцыялам Ордэна святога Аўгусціна, быў прызначаны Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі Чыклая, а затым – біскупам.
“Ён мае багаты вопыт і аддаў Перу ўсё сваё сэрца”, - сказаў нунцый, дадаўшы, што абранне Льва XIV стала падбадзёрваннем для краіны, якая перажывае няпростую грамадска-палітычную сітуацыю.
Дыпламат назваў Пантыфіка пастырам, вельмі блізкім да народа. “Людзі былі вельмі прывязаныя да яго. Я памятаю, калі ён упершыню прыбыў у краіну як кардынал, я меў радасць суправаджаць яго ў Чыклаю і бачыў, што людзі былі вельмі шчаслівыя”, - падкрэсліў ён.
“Ён вельмі сціплы, але рашучы чалавек, вялікі пастыр і будзе вялікім Папам”, - выказаў упэўненасць нунцый, адзначыўшы каштоўнасць місіянерскага, выкладчыцкага і пастырскага досведу Святога Айца.