MAP

Кардынал Раландас Макрыцкас (архіўнае фота) Кардынал Раландас Макрыцкас (архіўнае фота)

Макрыцкас: з Францішкам мы адчулі блізкасць і ласку Божую

Тысячы вернікаў сабраліся ў рымскай Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ ўвечары 21 мая 2025 года на памінальнай Імшы па Францішку, які месяц таму адышоў у вечнасць. Яго жыццё было непарыўна злучана з жыццём Езуса, як галіна з вінаграднай лазой, - сказаў у гаміліі кардынал Макрыцкас.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На працягу дванаццаці гадоў увесь Каталіцкі Касцёл бачыў у Францішку жывы вобраз блізкасці, пяшчоты і ласкі Божай. Яго жэсты, мудрыя словы і шчырая ўсмешка глыбока краналі сэрцы людзей. Увесь гэты месяц, дзень за днём, бясконцы паток людзей ішоў да яго магілы, каб падзякаваць і памаліцца за Папу, чыё жыццё “заўсёды было злучана з жыццём Езуса, як галіна з вінаграднай лазой”, - адзначыў архіпрэзбітэр-каад’ютар Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ.

“Пасля доўгага жыцця, цалкам прысвечанага служэнню Божаму народу, як святар, езуіт, біскуп і Папа, сёння яго душа вярнулася ў дом Айца, а цела спачывае ў доме Марыі”, - зазначыў кардынал Раландас Макрыцкас.

Магіла Папы Францішка ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ
Магіла Папы Францішка ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ

Жыццё і служэнне Францішка прынеслі багаты плён для ўсяго Касцёла. Ён быў глыбока з'яднаны з Хрыстом у радасці і смутку, таму “многія людзі, якія моляцца на яго магіле, злучаюцца з ім, а праз яго – з Хрыстом. Францішак умеў паказаць Хрыста кожнаму чалавеку, сведчачы пра яго кожны дзень, да апошняй гадзіны”, - дадаў іерарх.

Папа Францішак распачынаў кожны свой дзень з адарацыі, святой Імшы і асабістай малітвы. Ён заўсёды давяраў сябе апецы Маці Божай, схіляўся перад абразом Salus Populi Romani 126 разоў, - нагадаў кардынал Макрыцкас, просячы Марыю дапамагчы кожнаму з нас заставацца злучаным з Хрыстом “са шчырай пакорай і шчодрасцю”.

Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў да малітвы “за вечнае святло для Папы Францішка, пакорнага, мудрага і вернага слугі Евангелля, і за новага Святога Айца, Льва XIV, каб ён заставаўся непахісным у Пятровым служэнні”.

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ
Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ   (ANSA)
22 мая 2025, 11:18