MAP

Папа Ян Павел І на балконе ватыканскай базілікі Папа Ян Павел І на балконе ватыканскай базілікі 

Лацінская мова як “галоўны герой” абрання Пантыфіка

Лацінская мова – “галоўны герой” абрання Папы: ад уваходу ў Сікстынскую капэлу да абвяшчэння з “Лоджыі Благаслаўлення” менавіта лацінская мова на працягу стагоддзяў адзначае вырашальныя моманты выбараў Пантыфіка.

Vatican News

Сёння, 7 мая 2025 года, у Ватыкане распачынаецца канклаў па выбары новага Папы, і лацінская мова зноў стане цэнтральным элементам гэтай урачыстай падзеі. Хоць на генеральных кангрэгацыях кардыналаў, якім даручана кіраванне Касцёлам падчас "вакантнасці Апостальскай Сталіцы", прадугледжаны сінхронны пераклад, у Сікстынскай капэле – ад "Extra omnes" да "Habemus papam" – галоўную ролю адыгрывае менавіта лацінская мова як афіцыйная мова Каталіцкага Касцёла.

Ад Extra omnes да Habemus Papam: лацінская мова – захавальніца традыцыі

"Гэта традыцыйныя тэрміны, якія нарадзіліся і выкарыстоўваюцца на лацінскай мове; яны захаваліся на працягу стагоддзяў для дакладнага рэгулявання і вызначэння гэтых ключавых момантаў у жыцці Касцёла", - тлумачыць ксёндз Давідэ Пірас, які з'яўляецца часткай каманды “scriptores” ватыканскага Аддзела лацінскай карэспандэнцыі (Ufficio Lettere Latine).

Увесь цырыманіял уваходу на канклаў, калі кардыналы-выбаршчыкі рухаюцца працэсіяй з Паўлінскай у Сікстынскую капэлу пад спеў Літаніі да ўсіх святых, за якім ідзе "Veni Creator Spiritus", да формулы прысягі на Евангеллі кожнага кардынала, і потым да "Extra omnes” – запрашэння пакінуць памяшканне тым, хто не мае дазволу на прысутнасць, пазначаны лацінскімі формуламі, устаноўленымі ў "Ordo rituum conclavis".

Момант абвяшчэння абрання Яна Паўла ІІ
Момант абвяшчэння абрання Яна Паўла ІІ

Лацінскія словы, якія мяняюць гісторыю

Нават выбарчы бюлетэнь, які выкарыстоўваецца ў Сікстынскай капэле, згодна з канстытуцыяй "Universi Dominici Gregis", павінен мець на верхняй частцы лацінскія словы: "Eligo in Summum Pontificem" (Выбіраю Вярхоўнага Пантыфіка), у той час як у ніжняй палове пакідаецца месца для імя выбранага.

Калі пасля падліку галасоў трое кардыналаў, адказных за падлік галасоў (cardinali scrutatori), канстатуюць, што адзін з кандыдатаў атрымаў прынамсі дзве трэці галасоў, выбары Папы лічацца кананічна сапраўднымі.

Кардынал-дэкан або першы з кардыналаў па чыне і старшынству просіць згоды выбранага зноў жа па-лацінску: "Acceptasne electionem de te canonice factam in Summum Pontificem?" (Ці прымаеш ты кананічна здзейснены выбар цябе на Вярхоўнага Пантыфіка?), і пасля станоўчага адказу, дадае: "Quo nomine vis vocari?" (Якім імем жадаеш называцца?), на што выбраны адказвае сваім пантыфікальным імем.

Бэнэдыкт XVI пасля выбару на Пасад Пятра
Бэнэдыкт XVI пасля выбару на Пасад Пятра

Затым першаму з кардыналаў-дыяканаў, протадыякану – для гэтага канклава, кардынал Дамінік Мамбэрці – будзе даручана, згодна з пунктам 74 "Ordo Rituum Conclavis", абвясціць з “Лоджыі Благаслаўлення” ватыканскай базілікі аб здзейсненым выбары і імя новага Пантыфіка, які адразу пасля гэтага ўдзеліць благаслаўленне "Urbi et Orbi".

"Лацінскі тэкст так званага "Habemus papam", – тлумачыць ксёндз Пірас, – часткова натхнёны другой главой Евангелля паводле Лукі, якая перадае словы Анёла, які абвяшчае пастухам нараджэнне Месіі. Прыняцце гэтай формулы, безумоўна, папярэднічае 1484 году, калі яна, як вядома, была выкарыстана для выбрання Джавані Батыста Чыба, які прыняў імя Інакенція VIII".

Поўная формула ўключае лацінскія словы: "Annuntio vobis gaudium magnum: habemus Papam! Eminentissimum ac Reverendissimum Dominum, Dominum (тут ідзе хроснае імя выбранага ў вінавальным склоне), Sanctae Romanae Ecclesiae Cardinalem (тут ідзе прозвішча выбранага, не перакладзенае на лацінскую мову), qui sibi nomen imposuit (і тут ідзе папскае імя, за якім ідзе магчымы парадкавы нумар)". Формула, якую можна перавесці на беларускую мову: "Абвяшчаю вам вялікую радасць: у нас ёсць Папа! Гэта найвялебнейшы і найдастойнейшы пан, пан ..., кардынал Святога Рымскага Касцёла ..., які выбраў сабе імя ...".

Мова, якая аб'ядноўвае стагоддзі і вернікаў

Як паведамляе ў сваім артыкуле Фабіа Калаграндэ з італьянскай рэдакцыі “Vatican News”, выбар лацінскага склону, у якім абвяшчаецца імя Папы, не з'яўляецца адназначным. За апошняе стагоддзе імя новага Папы абвяшчалася як у вінавальным склоне (Pio XII, Paolo VI і Francesco), так і ў родным склоне (Giovanni XXIII, Giovanni Paolo I, Giovanni Paolo II і Benedetto XVI).

"Гэта выбар, які робіцца ў момант абвяшчэння і які характарызуе гістарычныя падзеі, якія застаюцца ў калектыўнай памяці веруючых і няверуючых. Моманты, у якіх лацінская мова пацвярджае сябе не толькі як "скарб ведаў і думкі", як сказаў Папа Францішак, але і як галоўны герой жыцця Касцёла з яго традыцыйнай урачыстасцю і прыгажосцю", - падкрэслівае Фабіа Калаграндэ.
 

07 мая 2025, 14:10