MAP

Біскуп Віталій Скамароўскі Біскуп Віталій Скамароўскі  (M. Krawiec SSP)

Каталіцкі Касцёл ва Украіне спадзяецца на візіт Льва XIV

Біскуп Віталій Скамароўскі адзначыў, што ўкраінскія католікі ўспрынялі хуткае абранне новага Папы як адказ на свае малітвы і спадзяюцца, што ён наведае Украіну пасля заканчэння вайны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Канферэнцыі Рымска-Каталіцкіх Біскупаў Украіны ў інтэрв'ю для “Vatican News” падкрэсліў важнасць заклікаў новага Папы да міру ва Украіне.

"Факт, што Святы Айцец з самага пачатку свайго пантыфікату згадвае пра Украіну, сведчыць пра тое, што Ён вельмі добра арыентуецца ў сітуацыі", – падкрэсліў іерарх, спасылаючыся на нядзельны зварот Льва XIV 11 мая 2025 года.

Скамароўскі таксама згадаў тэлефонную размову паміж прэзідэнтам Украіны і Папам 12 мая 2025 года, падчас якой кіраўнік дзяржавы запрасіў Пантыфіка наведаць краіну. "Вядома, Папа мог бы прыехаць ужо зараз, але ў такіх умовах было б немагчыма правесці паўнавартасны пастырскі візіт. Таму мы маем вялікую надзею, што вайна скончыцца і што мы зможам разам з ім радавацца дару міру, пра які мы так доўга просім", - сказаў старшыня ўкраінскага епіскапату.

На пытанне пра настроі суайчыннікаў біскуп прызнаў, што ёсць шмат стомленасці з прычыны вайны, але "мы маем сілу і надзею, каб абараняць нашу незалежнасць”. “Дар міру, пра які мы так моцна просім, вельмі жаданы ва Украіне", - дадаў Скамароўскі.
 

13 мая 2025, 11:59