MAP

Кардыналы падчас Імшы ў ватыканскай базіліцы Кардыналы падчас Імшы ў ватыканскай базіліцы  (ANSA)

Кардыналы з Азіі і Афрыкі: узмацненне прысутнасці на канклаве

На будучым канклаве 27 кардыналаў-выбаршчыкаў будуць прадстаўляць Азію і Акіянію, а 18 – Афрыку, што адлюстроўвае значнае ўзмацненне прысутнасці гэтых рэгіёнаў у параўнанні з 2013 годам, калі ў выбарах удзельнічалі толькі 11 афрыканскіх і 11 азіяцкіх кардыналаў.

Vatican News

Індыя будзе найбольш прадстаўленай азіяцкай краінай у Сікстынскай капэле з чатырма кардыналамі-выбаршчыкамі. Сярод іх кардынал Базеліас Клеміс Тхотунфал, сіра-маланкарскі Вярхоўны Архіепіскап Трывандрума, якому ў чэрвені споўніцца 66 гадоў; кардынал Філіп Нэры Ферао, 72-гадовы арцыбіскуп Гоа і Дамаа; кардынал Энтані Пула, 63-гадовы арцыбіскуп Хайдарабада; і 51-гадовы кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу падчас пантыфікату Францішка, які належыць да сіра-маланкарскай Царквы.

Тры кардыналы з Філіпін: моцнае прадстаўніцтва

Філіпіны будуць прадстаўлены трыма кардыналамі: 68-гадовым кардыналам Луісам Антоніа Тагле, былым прапрэфектам Дыкастэрыі па евангелізацыі; кардыналам Хасэ Фуэртэ Адвінкулай, 73-гадовым арцыбіскупам Манілы; і кардыналам Паблам Віргіліям Сіангка Давідам, 66-гадовым Біскупам Калукана і старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Філіпін.

Важная роля японскіх кардыналаў у азіяцкім Касцёле

Японія будзе прадстаўлена двума кардыналамі: Томасам Аквінам Маэдай, 76-гадовым арцыбіскупам Асакі-Такамацу, і кардыналам Таркісіям Ісаа Кікучы, 66-гадовым арцыбіскупам Токіа, які таксама з'яўляецца Генеральным сакратаром Федэрацыі Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Азіі, старшынёй японскага епіскапату і старшынёй “Caritas Internationalis”.

Упершыню ў гісторыі Касцёла ў канклаве будуць удзельнічаць кардыналы з Малайзіі, М'янмы, Сінгапура і Тымор-Лешці. Таксама прадстаўлены такія краіны як Кітай, Інданезія, Ірак, Паўднёвая Карэя, Пакістан, Шры-Ланка і Тайланд.

Еўрапейцы на службе Касцёлу ў Азіі

Сярод азіяцкіх кардыналаў ёсць тры, якія не з'яўляюцца азіятамі па нараджэнні: італьянскі францішканін кардынал П'ербатыста Піцабала, 60-гадовы Лацінскі Патрыярх Іерусаліма; бельгійскі францішканін-канвентуал кардынал Дамінік Мацьё, арцыбіскуп Тэгерана-Ісфахана, якому ў чэрвені споўніцца 62 гады; і італьянскі кардынал Джорджа Марэнга, апостальскі прэфект Улан-Батара ў Манголіі, якому таксама ў чэрвені споўніцца 51 год.

Чатыры краіны Акіяніі: прадстаўнікі ўсяго рэгіёна

З Акіяніі на канклаве будуць прысутнічаць 4 кардыналы-выбаршчыкі з чатырох розных краін: украінец па нараджэнні рэдэмптарыст кардынал Мікола Бычок, 45-гадовы епарх украінцаў у Мельбурне, самы малады ва ўсёй Святой Калегіі; кардынал Джон Эчэрлі Дзю, 77-гадовы арцыбіскуп-эмерыт Велінгтана з Новай Зеландыі; кардынал Джон Рыбат, 68-гадовы арцыбіскуп Порт-Морсбі з Папуа-Новай Гвінеі; і кардынал Санэ Паціта Паіні Мафі, 63-гадовы Біскуп Тонга.

Афрыканская прысутнасць: павелічэнне на сем кардыналаў

З Афрыкі будуць прысутнічаць 18 кардыналаў-выбаршчыкаў, хоць двое з іх з'яўляюцца еўрапейцамі па паходжанні. У параўнанні з канклавам 2013 года, афрыканская прысутнасць значна павялічылася: тады было 11 афрыканскіх кардыналаў-выбаршчыкаў, на сем менш, чым сёння.

Двое кардыналаў, якія паходзяць з Афрыкі, але з'яўляюцца еўрапейцамі па нараджэнні, гэта дамініканін кардынал Жан Поль Веско, 63-гадовы арцыбіскуп Алжыра, і салезіянец кардынал Крыстабаль Лопес Рамэра, 73-гадовы арцыбіскуп Рабата.

Кот-д'Івуар будзе прадстаўлены двума кардыналамі: 63-гадовым арцыбіскупам Абіджана Іньясам Бэсі Догба і 79-гадовым арцыбіскупам-эмерытам Абіджана Жан-П'ерам Кутва.

Шырокая геаграфія: 13 афрыканскіх краін

Астатнія 13 афрыканскіх кардыналаў-выбаршчыкаў прадстаўляюць 13 розных краін: Буркіна-Фасо, Каба-Вэрдэ, Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Эфіопію, Гану, Гвінею, Мадагаскар, Нігерыю, Руанду, Паўднёвую Афрыку, Паўднёвы Судан, Кенію і Танзанію.

Узмацненне прысутнасці кардыналаў з Азіі, Акіяніі і Афрыкі на будучым канклаве падкрэслівае ўзрастаючае значэнне гэтых рэгіёнаў у жыцці Каталіцкага Касцёла, як паведамляе “ACI Stampa” ў аналізе, падрыхтаваным Марка Манчыні.
 

06 мая 2025, 12:52