MAP

Кардынал Рабэр Сара Кардынал Рабэр Сара 

Кардынал Сара – легат Папы Льва XIV на ўрачыстасцях у Францыі

Леў XIV прызначыў кардынала Рабэра Сара сваім легатам на ўрачыстасці ў французскім санктуарыі Сэнт-Ан-д’Арэ, якія пройдуць 25-26 ліпеня 2025 года з нагоды 400-годдзя аб’яўленняў святой Ганны.

Аляксандр Панчанка -Vatican News

Сэнт-Ан-д’Арэ – духоўная сталіца рэгіёна Брэтань і трэці па колькасці пілігрымаў французскі санктуарый пасля Лурда і Лізьё. Яго гісторыя звязана з падзеямі, што адбываліся паміж 1623 і 1625 гадамі, калі святая Ганна – маці Панны Марыі і бабуля Езуса – некалькі разоў аб’явілася мясцоваму селяніну Іву Нікалазіку і папрасіла аднавіць капліцу, якая ў старажытнасці знаходзілася на яго полі. “Бог хоча, каб мяне ўшаноўвалі тут”, - сказала яна. Святая ўказала таксама месца на полі, дзе была закапана яе фігурка.

Капліца ў гонар святой Ганны была збудавана ў 1630 годзе і адразу стала месцам прыцягнення шматлікіх пілігрымаў. Падчас Французскай рэвалюцыі, аднак, санктуарый быў разрабаваны, а цудатворная фігурка святой Ганны – знішчаная.

Аднаўленне святыні пачалося ў другой палове XIX стагоддзя, калі на яе месцы быў узведзены новы, вялікі неагатычны касцёл. У 1868 годзе па распараджэнні Пія IX была ўрачыста асвечана новая фігурка святой Ганны, якая захоўваецца ў святыні да сённяшняга дня. У 1996 годзе ў санктуарыі маліўся святы Ян Павел ІІ, якога суправаджалі каля 150 тысяч пілігрымаў.

Кожны год, з нагоды літургічнага ўспаміну святой Ганны, у Сэнт-Ан-д’Арэ накіроўваюцца тысячы вернікаў, сярод якіх шмат сужонкаў, што просяць аб дары патомства. Санктуарый мае сямейны характар, бо Іў Нікалазік і ягоная жонка Гільемэт Ле Ру да аб’яўленняў не мелі дзяцей, а пасля ў іх нарадзілася ажно чацвёра.

Сёлетнія ўрачыстасці стануць асаблівымі, бо стануць кульмінацыяй святкавання 400-годдзя з дня цудоўных аб’яўленняў. Важнасць гэтай падзеі падкрэсліць прысутнасць спецыяльнага легата Папы – кардынала Рабэра Сара, прэфекта-эмерыта Кангрэгацыі па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.
 

26 мая 2025, 09:59