MAP

Фацімскі санктуарый Фацімскі санктуарый  (Reuters)

Святога Айца запрасілі ў Фаціму

Партугальскія кардыналы і біскупы перадалі Льву XIV запрашэнне наведаць санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Фаціме і чакаюць яго адказу аб магчымых тэрмінах візіту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Антоніу Марту, біскуп-эмерыт дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма, паведаміў, што адразу пасля завяршэння канклаву, на якім кардынал Роберт Прэвост быў абраны новым Папам, да яго было скіравана афіцыйнае запрашэнне наведаць знакаміты партугальскі марыйны санктуарый.

Пантыфікат Льва XIV даверылі апецы Маці Божай Фацімскай

"Новы Пантыфік падзякаваў за запрашэнне ў Фаціму, але пакуль цяжка ацаніць, калі ён зможа наведаць гэтае месца", - патлумачыў кардынал Марту ў размове з журналістамі, спасылаючыся на насычаны графік Льва XIV у пачатку яго пантыфікату.

Цяперашні біскуп дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма і старшыня епіскапату Партугаліі Жазэ Арнелаш таксама выказаў спадзяванне на тое, што партугальскі санктуарый можа стаць адным з першых месцаў, якія Леў XIV захоча наведаць у бліжэйшы час. "Мы даверылі пантыфікат Льва XIV апецы Маці Божай Фацімскай", - адзначыў ён.

Урачыстасці ў гонар аб'яўлення Маці Божай з малітвай аб міры

Двухдзённым урачыстасцям у Фаціме, прысвечаным першаму аб’яўленню Маці Божай 13 мая 1917 года, старшынстваваў кардынал Хаймэ Шпэнглер, мітрапаліт Порту-Алегры, які таксама ўзначальвае Канферэнцыю Епіскапату Бразіліі. Падчас гаміліі 13 мая 2025 года ён заклікаў да пакорнага наследавання Марыі, маці Езуса, а таксама да даверу ёй сваіх страхаў і да малітваў аб міры ва ўсім свеце.

Фаціма з'яўляецца адным з найбольш папулярных месцаў марыйнага культу ў свеце. Гісторыя санктуарыя пачынаецца ў 1917 годзе, калі тром дзецям – Лусіі, Франсішку і Жасінце – аб'явілася Маці Божая, перадаўшы ім пасланне аб малітве, пакаянні і навяртанні. Кожны год санктуарый наведваюць мільёны пілігрымаў з усяго свету, а папскія візіты ў Фаціму сталі важнай традыцыяй у гісторыі сучаснага Касцёла.
 

14 мая 2025, 09:37