MAP

Мараканскі кардынал Крыстабаль Лопес Рамэра Мараканскі кардынал Крыстабаль Лопес Рамэра 

Марока: кардынал аспрэчвае міфы пра канклаў

Мараканскі кардынал Крыстабаль Лопес Рамэра катэгарычна адмаўляе стэрэатыпы пра канклаў: выбары Папы – не палітычная барацьба, а супольнасць малітвы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Крыстабаль Лопес Рамэра, ураджэнец Іспаніі і арцыбіскуп Рабату, зламаў устойлівыя міфы аб тым, што канклаў – гэта поле закулісных дамоўленасцей і барацьбы за ўладу. У інтэрв’ю religiondigital.org іерарх падкрэсліў: працэс выбару Папы ў Касцёле не падобны да палітычнай сцэны.

Канклаў – гэта не змяінае гняздо ці дом інтрыг

“Канклаў – гэта не змяінае гняздо ці дом інтрыг”, - сцвердзіў кардынал Рамэра. Паводле яго слоў, тут няма прамоў, перамоў, заяў: “Ёсць выключна галасаванне. Мы молімся і захоўваем унутраную сабранасць”, - адзначыў ён.

Сустрэчы або размовы адбываліся выключна падчас перапынкаў, і тое нячаста. Галоўны настрой у залі – “літургічная ўрачыстасць і духоўная падзея”, дзе пануюць маўчанне, малітва і глыбокае разважанне.

На канклаве няма кандыдатаў і афіцыйных намінантаў

“Ніхто не падае сваю кандыдатуру, ніхто не з’яўляецца афіцыйным намінантам”, - заявіў іерарх. Галасаванне адкрытае для кожнага, нават для тых, хто не ўваходзіць у Калегію кардыналаў, хоць ужо стагоддзямі абіраюць менавіта сярод яе чальцоў.

Першы тур галасавання канклава 2025 года быў “вельмі разнастайны”, але паступова галасы згуртаваліся вакол аднаго імя, пакуль не дасягнулі неабходнай большасці ў дзве трэці.

Незвычайная духоўная прастора Касцёла

“Гэтыя дні былі надзвычайнымі, уражлівымі, сапраўды неверагоднымі”, - прызнаўся кардынал Лопес Рамэра. Ён адзначыў, што для яго гэта стала “момантам узрастання ў веры ў дзеянне Духа Святога, Які ў гэты час быў асабліва адчувальны, і глыбокага перажывання сусветнай еднасці Касцёла”.

Канклаў у Каталіцкім Касцёле – гэта духоўная, а не палітычная падзея, дзе пануюць малітва і саборная адказнасць перад Божай воляй.
 

27 мая 2025, 11:10