MAP

Кардынал Андэрс Арбарэліус Кардынал Андэрс Арбарэліус  (Karol Walko)

Кардынал Арбарэліус: евангелізацыя – прыярытэт наступнага Папы

Наша задача заключаецца ў тым, каб з дапамогай Святога Духа знайсці чалавека, які зможа пераказаць Евангелле і голас Езуса сучаснаму свету, - падкрэсліў у інтэрв’ю выданню “The Pillar” кардынал Андэрс Арбарэліус, біскуп Стакгольма.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я думаю, што ў словах і ўчынках Папы Францішка ўвесь свет убачыў міласэрнасць Езуса. Нават у нашай секулярызаванай краіне ён неяк адкрыў людзям вочы і сэрцы на Касцёл”, - сказаў шведскі іерарх, каментуючы спадчыну памерлага Пантыфіка.

Кардынал Арбарэліус заўважыў, што Швецыя некалі была вельмі антыкаталіцкай краінай, нават нягледзячы на тое, што людзі мала ведалі пра Касцёл. Але ў апошнія дзесяцігоддзі сітуацыя змяняецца, пра што можа сведчыць прысутнасць шведскіх манархаў і самых высокапастаўленых асоб дзяржавы на пахаванні Святога Айца.

“Усё пачалося з Яна Паўла ІІ, але я лічу, што асоба Францішка дапамагла людзям зразумець, што Каталіцкі Касцёл не такі “небяспечны”, як яны думалі”, - сказаў іерарх, назваўшы вялікай спадчынай Святога Айца падтрымку міру, міжрэлігійнага дыялогу, а таксама абарону бедных, мігрантаў і бежанцаў.

Гаворачы пра будучы канклаў, кардынал Арбарэліус адзначыў, што гэта важны момант у гісторыі Касцёла і свету, і многія людзі моляцца за кардыналаў, перажываючы гэту падзею як глыбокі духоўны досвед. Іерарх падкрэсліў, што сучасны свет патрабуе Евангелля, і наступны Папа павінен быць здольны несці яго. “Мы бачым духоўны рост у Афрыцы і Азіі, і, магчыма, настаў час выбраць Папу з гэтых частак свету, дзе Касцёл развіваецца дынамічна”, - выказаў меркаванне іерарх.

На думку кардынала Арбарэліуса, “евангелізацыя – гэта ключавое пытанне”. “Яна неабходная ўсяму свету, асабліва Еўропе, дзе Касцёл уваходзіць у новую сітуацыю, у якой павінен знайсці спосаб перадаваць Евангелле ў секулярызаваным і матэрыялістычным грамадстве”, - сцвердзіў ён.

Іерарх адзначыў, што ў наступным Папу ўсе павінны бачыць у першую чаргу Намесніка Хрыста. “Таямніца Езуса павінна быць бачнай у яго асобе. Калі паглядзець на апошніх трох Папаў, яны былі вельмі розныя, але кожны з іх паказваў нам пэўны аспект Езуса”, - сказаў кардынал Арбарэліус, падкрэсліўшы, што наступны Пантыфік павінен быць здольны дапамагчы людзям наблізіцца да Бога і нагадваць пра Езуса і Евангелле сваёй асобай, словамі і жэстамі.
 

05 мая 2025, 10:39