MAP

Комін усталяваны на даху Сікстынскай капэлы ў Ватыкане напярэдадні канклава Комін усталяваны на даху Сікстынскай капэлы ў Ватыкане напярэдадні канклава 

Рэформа канклава: як Ян Павел II пераасэнсаваў выбары Папы

Ян Павел II істотна змяніў правілы выбару Біскупа Рыма, замацаваўшы Сікстынскую капэлу як адзінае месца галасавання і ўвёўшы шэраг іншых змен для забеспячэння таямніцы працэсу.

Vatican News

Ян Павел II, разумеючы патрэбу адаптаваць працэс выбару Папы да сучасных рэалій, у 1996 годзе выдаў Апостальскую канстытуцыю "Universi Dominici Gregis", якая замяніла папярэдні дакумент Паўла VI з 1975 года. Як адзначае Малгажата Орань з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ў артыкуле для агенцтва “KAI”, Папа захаваў асноўныя традыцыйныя элементы, аднак увёў шэраг важных змен.

Не адыходзіць ад мудрых традыцый, але адаптаваць іх да сучаснасці

"У фармуляванні новых норм я паклапаціўся, з улікам патрабаванняў нашага часу, каб не адысці істотным чынам ад лініі, устаноўленай мудрай і паважанай традыцыяй, што дзейнічае да сёння", - падкрэсліваў Ян Павел II ва ўступе да Канстытуцыі.

Сярод ключавых арганізацыйных змен – усталяванне Сікстынскай капэлы як адзінага месца для правядзення галасаванняў і Дома Святой Марты як месца пражывання кардыналаў-выбаршчыкаў. Папа захаваў абмежаванне колькасці кардыналаў да 120 чалавек і ўвёў дакладныя часовыя рамкі для пачатку канклава: не раней 15-га і не пазней 20-га дня пасля ўзнікнення вакантнасці папскага пасаду.

Толькі тайнае галасаванне і строгая таямніца

Адной з найбольш істотных змен стала выключэнне дапушчальных раней метадаў выбару, такіх як акламацыя (quasi ex inspiratione) і кампраміс (per compromissum). Ад гэтага часу адзінай формай выбару з'яўляецца тайнае галасаванне.

"Адзінай формай, у якой выбаршчыкі могуць выказаць свой голас для выбару Біскупа Рыма, з'яўляецца тайнае галасаванне. Такая форма дае большыя гарантыі яснасці, адназначнасці, прастаты, празрыстасці, а перш за ўсё эфектыўнага і канструктыўнага ўдзелу ўсіх і кожнага кардынала", - падкрэсліваў Папа.

Ян Павел II надаваў велізарнае значэнне захаванню таямніцы нарадаў. Кардыналы, якія ўдзельнічаюць у канклаве, прыносяць урачыстую прысягу захоўваць таямніцу выбару Біскупа Рыма пад пагрозай кары экскамунікі. Адрэзаныя ад знешняга свету, яны не маюць доступу да сродкаў масавай інфармацыі, тэлефонаў, інтэрнэту ці любых іншых сродкаў камунікацыі.

Дэталёвая працэдура выбару Пантыфіка

У дзень пачатку канклава кардыналы прымаюць удзел ва ўрачыстай Імшы “Pro eligendo Papa” ў Базіліцы Святога Пятра, а затым, у другой палове дня, працэсіяй праходзяць у Сікстынскую капэлу пад гукі гімна “Veni Creator”.

Першае галасаванне адбываецца толькі пасля закрыцця кардыналаў у Сікстынскай капэле і прынясення імі прысягі захавання таямніцы. Калі першае галасаванне не прыносіць выніку, наступныя галасаванні адбываюцца наступнага дня – два перад поўднем і два пасля поўдня. Пасля трох дзён беспаспяховых галасаванняў наступае аднадзённы перапынак на малітву і разважанне. Максімальная колькасць галасаванняў – 34.

Згодна з Канстытуцыяй, для сапраўднага выбару Біскупа Рыма патрабуецца дзве трэці галасоў, падлічаных у адносінах да агульнай колькасці прысутных выбаршчыкаў. Гэтая норма была пацверджана таксама і пры Бэнэдыкце XVI у 2013 годзе.

Захаванне традыцыі і навацыі

Змены, уведзеныя Янам Паўлам II, не толькі сфарміравалі сучасную формулу канклава, але і забяспечылі большую празрыстасць, аднастайнасць і бяспеку працэдур. “Universi Dominici Gregis” застаецца адным з найважнейшых дакументаў, якія рэгулююць выбар Папы ў сучасным Касцёле.

Уплыў норм, устаноўленых на падставе Апостальскай канстытуцыі Яна Паўла II з 1996 года, быў відавочны падчас наступных канклаваў – у 2005 годзе пасля смерці самога Яна Паўла II, у 2013 годзе пасля адстаўкі Бэнэдыкта XVI, а таксама цяпер, у 2025 годзе, пасля смерці Папы Францішка.
 

06 мая 2025, 10:49