MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Laurent Renault)

Францыя: усё больш моладзі вывучае тэалогію

Духоўнае адраджэнне ў Францыі, якое назіраецца ў апошнія гады, праяўляецца не толькі ў жаданні ахрысціцца, але і ў жаданні браць удзел у закрытых рэкалекцыях і навучацца на тэалагічных факультэтах.

Ян Глінскі

Па словах Веранік Бруар-Буто, дырэктаркі па праграмах бакалаўрыяту ў Каталіцкім інстытуце ў Парыжы, студэнцкі склад маладзее, а некаторыя вывучаюць тэалогію паралельна з прафесійнай дзейнасцю. Гэта хрысціяне, якія жадаюць удзельнічаць у жыцці Касцёла.

Як адзначыў Рабэр Чейб, педагагічны дырэктар першага цыкла тэалагічнага курса ў Ліёнскім каталіцкім універсітэце, нельга недаацэньваць жаданне знайсці Бога і сэнс жыцця, якое рэзаніруе ў французскім грамадстве і ў сучасным чалавеку.

Французскі тэолаг Мюлер-Журдан з Заходняга каталіцкага ўніверсітэта, у сваю чаргу, адзначыў, што тэалогія адкрывае шматвекавую спадчыну чалавечай думкі. “Студэнты разумеюць, што ўсе сучасныя праблемы не новыя, і яны самі з’яўляюцца спадчыннікамі даўняй традыцыі, якая дае ім трывалую аснову”, – патлумачыў тэолаг і падкрэсліў, што ў кантэксце сучаснай культуры на тэалагічных факультэтах не даюць хуткіх адказаў, а вучаць задаваць пытанні.

Нагадаем, на Вялікдзень у гэтым годзе сакрамэнт хросту ў Францыі прынялі 10 тысяч 384 дарослых і 7 тысяч 400 падлеткаў, што на 45 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. Павялічылася таксама колькасць французаў, якія прыязджаюць у манастыры на закрытыя рэкалекцыі: тры гады таму іх налічвалася 16 тысяч, а ў мінулым – 75 тысяч. У той жа час на 50 працэнтаў узрасла цікавасць да Святога Пісання, на што ўказваюць статыстыкі продажу Бібліі.
 

30 мая 2025, 11:39