Філіпінскі кардынал пра хвіліны, што папярэднічалі беламу дыму
Ян Глінскі
66-гадовы біскуп Калаакана распавёў пра незабыўныя хвіліны абрання кардынала Роберта Прэвоста Наступнікам апостала Пятра.
“Прэвост сядзеў на сваім месцы, а ўсе мы з энтузіязмам прынялі яго словы, калі ён атрымаў дзве траціны галасоў”, – напісаў філіпінскі кардынал у сваім профілі на Facebook 8 мая – у дзень абрання Папы Льва XIV. Перш чым аднавіўся падлік галасоў, на працягу амаль пяці хвілін працягваліся апладысменты 132 кардыналаў: “Усе позіркі былі скіраваны на яго... Прэвост, Прэвост, Прэвост, Прэвост…”. На заканчэнне ізноў былі авацыі, а ён “нахмурыўся і глыбока пасаджанымі вачыма” абводзіў прысутных у зале.
Калі да кардынала Прэвоста было скіравана пытанне, ці згодны ён прыняць намінацыю, іерархі ізноў скіравалі на яго напружаныя позіркі. “Я амаль пачуў калектыўны заклік Калегіі кардыналаў: “Калі ласка, не кажы “не”…”, – адзначыў у сваіх успамінах кардынал Пабла Давід. – Якая была радасць пачуць: Accepto – “Прымаю”.
Карткі з галасамі адразу ж былі спалены ў печы Сікстынскай капэлы, з коміна падняўся белы дым, а натоўп на плошчы Святога Пятра выбухнуў апладысментамі. “Калі я зноў на яго паглядзеў, Прэвост ужо знік”. Паводле традыцыі, вядучы цырымоніі суправадзіў яго да так званага пакою Слёзаў, адкуль кардынал Прэвост выйшаў ужо ў белым. Іерархі ізноў сустрэлі яго апладысментамі.
Як прызнаўся ў сваёй публікацыі філіпінскі кардынал, перад канклавам ён думаў, што трэба быць вар’ятам, каб хацець стаць Папам. “Улічваючы велізарную адказнасць, якая чакаецца ад Біскупа Рыма, вярхоўнага Пантыфіка паўсюднага Касцёла, кіраўніка Дзяржавы-горада Ватыкан і Рымскай курыі, а таксама шэфа адміністрацыі касцёльнай маёмасці па ўсім свеце, ці не шукалі мы ў нейкім сэнсе звышчалавека?” – задаўся рытарычным пытаннем кардынал-выбаршчык з Філіпін.