MAP

Лагатыпы CCEE і COMECE Лагатыпы CCEE і COMECE 

Еўрапейскія біскупы: радасць і ўдзячнасць за новага Пантыфіка

Біскупскія аб’яднанні Еўропы выказваюць глыбокую ўдзячнасць за абранне кардынала Роберта Фрэнсіса Прэвоста Папам Львом XIV і запэўніваюць у малітоўнай падтрымцы яго пантыфікату.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE) і Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) выступілі з цёплымі віншаваннямі з нагоды абрання Льва XIV.

Арцыбіскуп Вільнюсскі Гінтарас Грушас, старшыня CCEE, падкрэсліў, што кардынал Прэвост, які раней узначальваў Дыкастэрыю па справах біскупаў, заўсёды актыўна супрацоўнічаў з еўрапейскімі біскупамі.

"У гэты вельмі складаны час для нашага кантынента мы перакананы, што Святы Айцец не перастане выказваць нам сваю блізкасць і падтрымку: cum Petro et sub Petro, мы хочам абвяшчаць радасць Евангелля", - адзначыў кардынал Грушас, нагадваючы пра вайну ва Украіне і неабходнасць імкнуцца да прымірэння ў Еўропе.

Біскуп Марыяна Крачата, старшыня COMECE, назваў абранне новага Пантыфіка "бачным знакам адзінства і ўніверсальнасці Касцёла", які асабліва важны пасля смерці Папы Францішка.

"Мы з надзеяй чакаем магчымасці сустрэцца са Святым Айцом, каб атрымаць ад яго арыентацыю ў нашай місіі дыялогу з інстытутамі ЕС. У кантэксце міжнародных крызісаў наш намер – супрацоўнічаць з Папам у яго служэнні", - падкрэсліў біскуп Крачата.

Абодва біскупскія аб’яднанні запэўнілі ў сваёй малітве за Папу Льва XIV і выказалі гатоўнасць да сыноўскай паслухмянасці новаму Пантыфіку. CCEE асабліва даручыла асобу і служэнне Папы заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Еўропы, і святых заступнікаў кантынента.
 

10 мая 2025, 12:17