MAP

Сабор у Нікеі Сабор у Нікеі 

Турэцкі епіскапат спадзяецца на візіт Льва XIV у Нікею

Старшыня епіскапату Турцыі арцыбіскуп Марцін Кметэц выказаў спадзяванне на візіт Папы Льва XIV з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабора, які павінен адбыцца ў Ізніку побач са Стамбулам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп-мітрапаліт Ізміра Марцін Кметэц, з радасцю прыняўшы навіну пра выбар кардынала Роберта Прэвоста 267-м Біскупам Рыма, запэўніў, што духавенства і вернікі Касцёла ў Турцыі будуць "крочыць за Папам Львом XIV на шляху абвяшчэння Евангелля і супольна імкнуцца да спрыяння міру, справядлівасці і любові, становячыся бліжнімі для ўсіх людзей".

Папу чакаюць у горадзе Першага Сабора

"З радасцю чакаем Льва XIV на нашай зямлі", - падкрэсліў старшыня епіскапату, выказваючы надзею на візіт новага Пантыфіка ў краіну з нагоды святкавання 1700-годдзя Нікейскага Сабора, якое плануецца правесці ў Ізніку – горадзе каля Стамбула, дзе калісьці адбыўся гэты важны для хрысціянства Сабор. Іерарх таксама запэўніў Святога Айца ў гарачай малітве ў яго інтэнцыі.

Экуменічная надзея Барталамея І

Варта адзначыць, што раней надзею на ўдзел новага Папы ва ўрачыстасцях у Ізніку выказаў праваслаўны Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І. На гэтыя ўрачыстасці першапачаткова планаваў прыехаць Папа Францішак, які памёр 21 красавіка 2025 года.

Нікейскі Сабор, які адбыўся ў 325 годзе, з'яўляецца першым Паўсюдным Саборам у гісторыі хрысціянства і мае велізарнае значэнне для адзінства Цэркваў. Менавіта там быў зацверджаны Нікейскі Сімвал веры, які і сёння з'яўляецца адным з найважнейшых веравызнанняў для ўсіх хрысціян.

Мост паміж Усходам і Захадам

Візіт папы Льва XIV у Турцыю для ўдзелу ў святкаваннях мог бы стаць важным крокам на шляху экуменічнага дыялогу і ўмацавання сувязей паміж католікамі і праваслаўнымі. Такая падзея несумненна мела б гістарычнае значэнне для міжканфесійных адносін у месцы, дзе калісьці збіраліся біскупы непадзеленага хрысціянства.
 

12 мая 2025, 10:38