MAP

Пажчас пасяджэння епіскапату ЗША. Ілюстрацыйнае фота Пажчас пасяджэння епіскапату ЗША. Ілюстрацыйнае фота 

Епіскапат ЗША: новыя выклікі ў змаганні з парнаграфіяй

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША выпусціла новую прадмову да дакумента аб змаганні з парнаграфіяй, адаптуючы свае рэкамендацыі да постпандэмічных рэаліяў, праблемы сацыяльнай ізаляцыі і пагроз ад штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Абноўлены дакумент "Стварыце ўва мне сэрца чыстае" разглядае новыя выклікі, якія ўзніклі пасля яго першай публікацыі ў 2015 годзе. Як паведамляе агенцтва CNA, біскупы асабліва падкрэсліваюць, што "эпідэмія адзіноты" істотна ўзмацнілася пасля пандэміі COVID-19, што прывяло да росту спажывання парнаграфічнага кантэнту.

Ізаляцыя пагражае аднаму з найглыбейшых жаданняў чалавечага сэрца

"Ізаляцыя і павелічэнне выкарыстання мабільных прылад сур'ёзна нашкодзілі псіхічнаму здароўю карыстальнікаў, асабліва моладзі", – адзначаюць біскупы, падкрэсліваючы, што гэта супярэчыць Божай задуме: "Не добра быць чалавеку аднаму" (Быц 2, 18).

Дакумент звяртае ўвагу на новыя тэхналагічныя пагрозы, асабліва на выкарыстанне штучнага інтэлекту для стварэння "дыпфэйк"-выяў, якія "выкарыстоўваюць існуючых асоб без іх згоды". Характэрна, што бізнес-мадэлі парнаграфічных платформ накіраваны на фарміраванне залежнасці ў маладых людзей праз "падманлівыя тактыкі і абяцанні лёгкіх грошай".

Сямейная адукацыя – першая лінія абароны

Біскупы прапаноўваюць канкрэтныя рэкамендацыі для розных груп. Бацькам раяць адкрыта гаварыць з дзецьмі пра сексуальную чысціню, выкарыстоўваць бацькоўскі кантроль і разгледзець адтэрміноўку выдачы смартфонаў дзецям. Духавенству прапануецца палягчаць доступ да споведзі і прапаведаваць пра чысціню. Педагогам рэкамендуецца абмяжоўваць выкарыстанне мабільных прылад у школе і навучаць аб шкодзе парнаграфіі пачынаючы з сярэдніх класаў.

"Касцёл павінен стаць палявым шпіталем для параненых парнаграфіяй", – падкрэсліваецца ў дакуменце, які заахвочвае людзей шукаць аздараўлення праз сакрамант пакаяння і падтрымку супольнасці.

У заключэнне біскупы заклікаюць да большай адказнасці як свецкія ўлады, так і касцельныя структуры, якія павінны змагацца з сексуальным выкарыстаннем непаўналетніх. Яны падкрэсліваюць: "Толькі калі існуе сапраўдная празрыстасць і шчырае пакаянне, можа адбыцца аздараўленне".
 

14 мая 2025, 10:20