Італьянскія біскупы патрабуюць міру і працягваюць Сінод
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пастаянная рада Канферэнцыі Біскупаў Італіі (CEI) пад кіраўніцтвам кардынала Матэа Дзупі выступіла 27 мая 2025 года з рашучым заклікам да міру. У заключнай заяве пасля пазачарговага пасяджэння іерархі асудзілі "недапушчальную даніну", якую плацяць цэлыя народы з прычыны працягвання ваенных канфліктаў. Яны запатрабавалі павагі да міжнароднага гуманітарнага права.
Італьянскія біскупы падкрэслілі тэрміновасць канструктыўнага і дзейнага абавязацельства на карысць міру, які, як вызначыў Папа Леў XIV, павінен быць "бяззбройным і раззбройваючым".
Іерархі прапанавалі ў вігілію Пяцідзясятніцы "прасіць у Бога дар поўнага міру і аднаўлення сувязей братэрства паміж народамі". Нацыянальная літургічная служба падрыхтуе матэрыялы для адмысловага набажэнства.
Пастаянная рада абмеркавала працяг сінадальнага працэсу Касцёла ў Італіі пасля Другой сінадальнай асамблеі. Яна зацвердзіла храналогію, якая прадугледжвае інтэнсіўную працу па напісанні выніковага тэксту для прэзентацыі на галасаванне Трэцяй сінадальнай асамблеі 25 кастрычніка 2025 года.
Біскупы таксама разгледзелі пытанні рэферэндуму па грамадзянстве ў Італіі, заклікаючы да шырокага падыходу, які дазволіць пазбегнуць прыніжэння людской годнасці. Што тычыцца італьянскіх турмаў, яны асудзілі аварыйную сітуацыю і заклікалі да альтэрнатыўных мер і актаў міласэрнасці, а таксама змены палітыкі, якая спрыяла б годнасці чалавека і рэсацыялізацыі ў месцах зняволення.