MAP

Біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера з Папам Францішкам (2022 год) Біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера з Папам Францішкам (2022 год) 

Біскуп Мумбіела Сьера: Папа натхняў нас несці людзям Божую любоў

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай Азіі біскуп Хасэ Луіс Мумбіела Сьера ўзгадаў глыбокую чалавечнасць Папы Францішка, якая кранала сэрцы людзей.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв'ю Vatican News біскуп Мумбіела Сьера адзначыў, што апостальскія падарожжы Францішка ў краіны Цэнтральнай Азіі сталі “своеасаблівым жывым Евангеллем”, пастырскім наведваннем “малога статка”. Ён падкрэсліў асаблівую ўвагу Папы да тых, хто знаходзіцца на перыферыі, як у геаграфічным сэнсе, так і з пункту гледжання грамадскай увагі. Францішак стаў першым Папам у гісторыі, які за кароткі час наведаў тры краіны рэгіёну: Азербайджан у 2016 годзе, Казахстан у 2022 годзе і Манголію ў 2023 годзе.

Візіты Францішка дапамаглі Касцёлу Цэнтральнай Азіі зразумець, што “маласць – гэта не слабасць, а запрашэнне глыбей давяраць Божай моцы”. Гэта не падстава апускаць рукі, а заклік жыць Евангеллем больш аўтэнтычна – у пакоры, прастаце і служэнні, - нагадаў старшыня епіскапату Казахстана.

Біскуп Мумбіела Сьера адзначыў, што дзякуючы Францішку католікі Цэнтральнай Азіі зразумелі, што іх місія – не спаборнічаць з іншымі рэлігіямі ці культурнымі традыцыямі, а быць “святлом і соллю”, жывым сведчаннем Евангелля сярод тых людзей, з якімі яны падзяляюць зямлю, гісторыю, радасці і выклікі. Папа падкрэсліваў, што Касцёл не павінен быць замкнёнай сістэмай, якая ахоўвае свае межы, але адкрытай прасторай, месцам дыялогу і надзеі.

У гэтым сэнсе візіт Францішка ў Казахстан “пранік за межы касцёльных колаў” і “быў пачуты ўсёй краінай”. Шмат людзей упершыню даведаліся пра Каталіцкі Касцёл дзякуючы візіту Папы. Тыя, хто не быў знаёмы з каталіцызмам, “пачулі ў яго голасе не толькі сябра, але і добрага айца”. Калі Святы Айцец памёр, людзі розных веравызнанняў моўчкі прыходзілі ў касцёлы, каб раздзяліць боль страты з католікамі, - распавёў іерарх.

"Спадчына Папы Францішка – гэта заклік несці надзею туды, дзе яе менш за ўсё чакаюць. Яго жыццё і вучэнне натхняюць нас ісці туды, дзе цемра, і быць святлом, ісці да забытых і несці ім Божую любоў", - сцвердзіў іерарх.

Біскуп Мумбіела Сьера служыць у парафіі Святой Тройцы ў Алматы. Ён узначальвае епіскапат Казахстана і адначасова Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай Азіі, у склад якой уваходзяць біскупы Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Манголіі і Афганістана.

05 мая 2025, 13:10