Афрыка не для эксплуатацыі: біскупы заклікаюць да партнёрства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Біскупскія аб’яднанні COMECE (Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці) і SECAM (Сімпозіум біскупскіх канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара) выступілі з сумеснай заявай напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў еўрапейскіх і афрыканскіх краін, якая пройдзе 21 мая 2025 года ў Бруселі.
“Афрыка не патрабуе міласціны і не павінна быць полем бітвы знешніх эканамічных і геапалітычных інтарэсаў. Ёй патрэбныя справядлівасць і партнёрства, заснаваныя на ўзаемнай павазе, клопаце пра навакольнае асяроддзе і прызнанні годнасці кожнага чалавека”, - гаворыцца ў дакуменце пад назвай “Мы ведаем, што ўсё можа змяніцца”.
Еўрапейскія і афрыканскія біскупы прапанавалі палітыкам чатыры ключавыя прынцыпы, на якіх варта будаваць супрацоўніцтва: пераарыентаваць палітыку на абарону афрыканскіх экасістэм і супольнасцей ад эксплуататарскіх практык; прасоўваць “аграэкалогію” праз падтрымку традыцыйных сельскагаспадарчых сістэм і забарону экспарту ў Афрыку небяспечных пестыцыдаў; спыніць захоп земляў, ахоўваючы супольную ўласнасць і прызнаючы сакральнасць зямлі; а таксама развіваць партнёрства, заснаванае на ўзаемнай павазе, цэласнай экалогіі і першаснасці чалавека перад эканамічнымі інтарэсамі.
Біскупы папярэдзілі пра небяспеку паўтарэння старых мадэляў эканамічнай экспансіі і заклікалі да партнёрства, якое было б справядлівым, адказным і скіраваным на дабро людзей, а не на кароткатэрміновы прыбытак.
“Афрыка і Еўропа могуць стаць рухавікамі новага этапу шматбаковага супрацоўніцтва, што грунтуецца на нашай агульнай гісторыі, геаграфічнай блізкасці і духоўнай роднасці”, - гаворыцца ў сумеснай заяве COMECE і SECAM.