MAP

2023.01.20 Unità cristiani

Хрысціяне Еўропы аб'яднаюцца вакол новай Экуменічнай хартыі

Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэкрваў (KEK) і Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE) прадставяць 26-27 красавіка 2025 года абноўленую “Экуменічную хартыю”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Вільнюс, сталіца Літвы, стане месцам гістарычнай падзеі ў жыцці хрысціянскіх Цэркваў Еўропы. Тут адбудзецца прэзентацыя перагледжанай “Экуменічнай хартыі” – дакумента, які на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў з'яўляўся асноўным арыенцірам для экуменічнага супрацоўніцтва ў Еўропе.

Адказ на сучасныя выклікі і зменлівыя рэаліі еўрапейскага хрысціянства

Падзея аб'яднае прадстаўнікоў розных хрысціянскіх традыцый, каб адзначыць важны этап у развіцці экуменізму. Першапачаткова падпісаная ў 2001 годзе, “Экуменічная хартыя” стала краевугольным каменем супрацоўніцтва паміж хрысціянамі ў Еўропе.

Працэс перагляду “Хартыі” пачаўся ў 2022 годзе пад кіраўніцтвам сумеснай рабочай групы Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў і Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы. Важна адзначыць, што ў працэсе перагляду былі ўлічаны меркаванні і прапановы Цэркваў і экуменічных арганізацый з усёй Еўропы і за яе межамі.

Умацаванне адзінства і міру паміж Цэрквамі ў Еўропе

Мэтай абноўленай Экуменічнай хартыі з'яўляецца адлюстраванне сучасных патрэб экуменічнага руху і ўмацаванне адзінства і міру паміж Цэрквамі ў Еўропе. Чакаецца, што мерапрыемства ў Вільнюсе стане не проста фармальнай цырымоніяй, але і пляцоўкай для абмену думкамі і досведам паміж лідарамі розных супольнасцей.

Новыя магчымасці для дыялогу і супрацоўніцтва ў будучыні

Абноўленая “Экуменічная хартыя” павінна стаць адказам на сучасныя выклікі, з якімі сутыкаюцца хрысціянскія Цэрквы ў Еўропе, і адлюстраваць зменлівыя рэаліі еўрапейскага грамадства і хрысціянства. Гэты дакумент мае на мэце не толькі ўмацаваць існуючыя сувязі паміж хрысціянамі розных канфесій, але і стварыць новыя магчымасці для дыялогу і супрацоўніцтва ў будучыні.

Прэзентацыя ў Вільнюсе стане важным крокам у развіцці экуменічнага руху ў Еўропе і, магчыма, паслужыць прыкладам для іншых рэгіёнаў свету ў справе ўмацавання міжканфесійнага дыялогу і хрысціянскага адзінства.
 

03 красавіка 2025, 10:25