Нямецкія біскупы прадставілі дакумент аб годнасці працы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Біскуп Хайнер Вільмер, старшыня Камісіі па сацыяльных пытаннях нямецкага епіскапату, прадставіў 2 красавіка 2025 года ў Нюрнбергу дакумент, прысвечаны стаўленню да працы ў сучасным грамадстве. У ім падкрэсліваецца, што праца павінна разглядацца ва ўсіх яе вымярэннях як частка чалавечай сутнасці.
Праца – гэта шанс для сустрэчы розных людзей
"Калі праца ўспрымаецца толькі як цяжар, губляецца разуменне таго, што яна можа спрыяць паўнавартаснаму жыццю і добраму суіснаванню", - гаворыцца ў дакуменце. Біскуп Вільмер нагадаў, што Касцёл у сваім сацыяльным вучэнні ўжо больш за 150 гадоў займаецца сацыяльнымі пытаннямі.
"Праца – гэта шанс для сустрэчы розных людзей на працоўным месцы", - падкрэсліў іерарх, адзначаючы, што нягледзячы на значныя змены ў свеце працы, у тым ліку з прычыны выкарыстання штучнага інтэлекту, чалавечы аспект застаецца вырашальным.
Ён таксама папярэдзіў аб небяспецы зводзіць разуменне працы толькі да "зарабляння грошай, функцыянавання і вытрывання". Для таго, каб супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працаўнікамі было годным, патрэбны этычныя асновы, падкрэсліў ён.
Адукацыя павінна быць даступнай для ўсіх
Вільмер заклікаў да паляпшэння адукацыйнай і сацыяльнай палітыкі, якая б дазволіла ўсім працаваць і ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Ён падкрэсліў, што маладыя людзі маюць патрэбу ў большай падтрымцы, паколькі іх прафесійныя перспектывы ўсё яшчэ занадта моцна залежаць ад іх паходжання.
Гэтую думку падтрымала і старшыня Федэральнага агенцтва па працаўладкаванні Германіі Андрэа Налес. Яна адзначыла, што хоць шмат чаго ўжо дасягнута, выклікі змяніліся. "Раней я сама, як "каталіцкая дзяўчына з рабочай сям'і з вёскі", належала да групы з найбольшым адукацыйным недахопам", - прызналася былая міністр і лідар СДПГ. - Сёння гэтую групу складаюць хлопцы з міграцыйным мінулым, якія жывуць у гарадах".
Налес таксама падкрэсліла, што дакумент біскупаў з'яўляецца збалансаваным голасам у сучаснай сусветнай палітычнай сітуацыі. Тэма працы павінна быць у цэнтры грамадства, асабліва таму, што свет працы заўсёды падвяргаецца значным зменам.
Большасць беспрацоўных хочуць хутчэй выйсці са свайго становішча
Налес таксама раскрытыкавала тое, як часта гавораць пра беспрацоўных. "Безумоўна, ёсць "поўныя адмоўцы", і ў некаторых выпадках трэба перакрыць грашовы кран. Але большасць людзей адчуваюць бездапаможнасць і прыгнечанасць, калі становяцца беспрацоўнымі. Яны хочуць як мага хутчэй выйсці са свайго становішча", - падкрэсліла яна.
Былая міністр працы пахваліла рабочы дакумент за выкарыстаную мову, у якой выяўляецца павага да людзей і іх працы.