MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Каталіцкія ўніверсітэты правядуць у Рыме круглы стол аб ўразлівасці

7 красавіка 2025 года ў Рыме адбудзецца круглы стол на тэму "Уразлівасць і ахова здароўя", арганізаваны Стратэгічным альянсам каталіцкіх даследчых універсітэтаў (SACRU). У мерапрыемстве прымуць удзел дактаранты і выкладчыкі сямі навучальных устаноў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча адбудзецца ў панядзелак, 7 красавіка, з 16:30 да 19:00, у рымскім аддзяленні Аўстралійскага каталіцкага ўніверсітэта. Яна пройдзе ў фармаце анлайн-дыскусіі. Удзельнікі абмяркуюць такія тэмы, як тэсціраванне вакцын у краінах на шляху развіцця, асіставанае самагубства, прэнатальнае генетычнае тэсціраванне, міжрэлігійны дыялог па пытаннях аховы здароўя ў зонах канфліктаў, межы экалагічнай этыкі, гісторыя манаскай медыцыны, цноты Арыстоцеля і Тамаша Аквінскага, а таксама праблемы сацыяльнай і экалагічнай справядлівасці ў дамах састарэлых.

Круглы стол адкрые прафесар Дэвід Кірххофер, дырэктар Квінслэндскага цэнтра біяэтыкі пры Аўстралійскім каталіцкім універсітэце і старшыня рабочай групы па пытаннях уразлівасці Стратэгічнага альянсу каталіцкіх даследчых універсітэтаў. З асноўным дакладам на тэму "Канцэпцыя ўразлівасці: апошнія распрацоўкі ў тэалагічнай этыцы" выступіць прафесар Джэймс Кінан, прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве Бостанскага каледжа.

Удзельнікамі дыскусіі стануць дактаранты з універсітэтаў, якія ўваходзяць у склад SACRU: Лаклан Грын (Аўстралійскі каталіцкі ўніверсітэт), Дораці Гэрынг (Бостанскі каледж), Габрыэль Відаль (Папскі каталіцкі ўніверсітэт Чылі), Джеферсан да Сілва Беларміна (Папскі каталіцкі ўніверсітэт Рыа-дэ-Жанэйра), Жуана Рамас (Партугальскі каталіцкі ўніверсітэт), Энрыка Фрозіа (Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца Езуса) і іншыя.

Пасля адкрытай дыскусіі і сесіі пытанняў і адказаў прагучыць заключны даклад на тэму "Разважанні аб уразлівасці і ахове здароўя: адказ на дыскусію", які прадставіць Караліна Мантэра Арфанопулас з Каталіцкага ўніверсітэта “Сілва Энрыкес”, лаўрэат прэміі Фонду Centesimus Annus Pro Pontifice за 2024 года ў намінацыі "Эканоміка і грамадства" за даследаванне на тэму "Уразлівасць: да больш гуманнай этыкі".

Мерапрыемства стане важнай пляцоўкай для абмеркавання этычных і сацыяльных аспектаў аховы здароўя, чалавечай крохкасці і ўразлівасці.

01 красавіка 2025, 10:36