MAP

Кардынал Селесціна Аос Брака Кардынал Селесціна Аос Брака  (AFP or licensors)

80-гадовы юбілей кардынала Аоса Бракі: змены ў Калегіі

6 красавіка 2025 года кардынал Селесціна Аос Брака, арцыбіскуп-эмерыт Сант'яга-дэ-Чылі, адзначыў сваё 80-годдзе. З дасягненнем гэтага ўзросту кардынал згубіў права ўдзельнічаць у выбарах новага Папы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нарадзіўшыся 6 красавіка 1945 года ў іспанскім горадзе Артаіс, Аос Брака атрымаў ступень па псіхалогіі ва Універсітэце Барселоны, пасля чаго далучыўся да Ордэна капуцынаў і атрымаў святарскае пасвячэнне 30 сакавіка 1968 года.

У 1983 годзе ён пераехаў у Чылі, дзе служыў эканомам правінцыі капуцынаў, быў прамотарам справядлівасці касцельнага трыбунала дыяцэзіі Вальпараіса, суддзёй трыбунала архідыяцэзіі Кансэпсьён і скарбнікам Чылійскай асацыяцыі кананічнага права.

25 ліпеня 2014 года Папа Францішак прызначыў яго біскупам Капіяпо. Пазней, 23 сакавіка 2019 года, ён быў прызначаны апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі Сант'яга-дэ-Чылі, а 27 снежня таго ж года стаў яе арцыбіскупам-мітрапалітам, змяніўшы на гэтай пасадзе кардынала Рыкарда Эцаці Андрэла.

28 лістапада 2020 года Папа Францішак узвёў яго ў годнасць кардынала. У 2021 годзе Аос Брака быў абраны старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Чылі і займаў гэтую пасаду да 17 красавіка 2024 года.

25 кастрычніка 2023 года Пантыфік прыняў яго адстаўку з пасады арцыбіскупа Сант'яга-дэ-Чылі ў сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту.

З дасягненнем 80-гадовага ўзросту кардыналам Аосам Бракам, колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў зменшылася да 136, у той час як колькасць кардыналаў, якія не маюць права голасу, складае 116.
 

07 красавіка 2025, 11:17