MAP

Беспарадкі на Гаіці. Ілюстрацыйнае фота Беспарадкі на Гаіці. Ілюстрацыйнае фота 

Хаос на Гаіці: забіты дзве каталіцкія манахіні

Дзве манахіні з Кангрэгацыі Малых Сясцёр Святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, сястра Эванэт Анэзэр і сястра Жан Вальтэр, былі забітыя падчас нападу ўзброеных банд на горад Мірэбале на Гаіці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Горад з 200-тысячным насельніцтвам, які знаходзіцца за 60 кіламетраў ад Порт-о-Прэнса, сталіцы Гаіці, мае стратэгічнае значэнне, бо ляжыць на скрыжаванні важных дарог. Гэта не першы выпадак нападу ўзброеных груповак на буйны населены пункт. Гэтым разам мэтай бандытаў была мясцовая турма, з якой яны вызвалілі каля 500 вязняў.

Сёстры Эванэт Анэзэр і Жан Вальтэр знаходзіліся ў Мірэбале з місіянерскім заданнем. Падчас нападу на горад яны хаваліся разам з іншымі мірнымі жыхарамі, але злачынцы знайшлі іх і забілі ўсіх.

Прадстаўнікі Касцёла не ўпершыню становяцца ахвярамі гаіцянскіх злачынных груповак, якія спрабуюць усталяваць поўны кантроль над краінай. У 2022 годзе на востраве была жорстка забітая 65-гадовая сястра Луіза Дэль Орта з Кангрэгацыі Малых Сясцёр Евангелля Шарля дэ Фуко. У лютым 2024 года быў паранены намеснік старшыні Біскупскай канферэнцыі Гаіці, біскуп дыяцэзіі Анс-а-Во і Мірагоана П’ер-Андрэ Дзюма. У студзені 2024 года з мэтай атрымання выкупу былі выкрадзеныя шэсць законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Святой Ганны, а ў наступным месяцы – шэсць законнікаў з супольнасці Братоў Найсвяцейшага Сэрца і дыяцэзіяльны святар, які цэлебраваў Імшу ў капліцы Маці Божай Фацімскай у Порт-о-Прэнсе.
 

04 красавіка 2025, 10:04