MAP

Арцыбіскуп Фізікела падчас Імшы для ўдзельнікаў сінадальнага сходу Касцёла ў Італіі Арцыбіскуп Фізікела падчас Імшы для ўдзельнікаў сінадальнага сходу Касцёла ў Італіі  (CEI/Siciliani-Gennari)

Арцыбіскуп Фізікела: Сінод – гэта слухаць, сузіраць, дзейнічаць

Напярэдадні заканчэння працы Другой сінадальнай асамблеі Касцёла ў Італіі, якая праходзіць у Ватыкане, адбылася юбілейная пілігрымка да Базілікі Святога Пятра, у якой прынялі ўдзел дэлегаты.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

2 красавіка 2025 года, пасля праходу праз Святую Браму ватыканскай базілікі, пры Алтары Кафедры адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.

Сінадальны шлях – знак, які дапамагае зразумець ролю хрысціянскай супольнасці

"Знакі з'яўляюцца фундаментальнымі ў хрысціянскім жыцці, паколькі дазваляюць бачыць і дапаўняць тое, чаго не хапае слову. З нагоды Юбілею Папа Францішак нагадвае нам, што надзея не можа абмяжоўвацца абвяшчэннем, але павінна быць бачнай і адчувальнай", - падкрэсліў іерарх у сваёй гаміліі.

"Сінадальны шлях – гэта знак, які мы павінны прыняць, каб больш паслядоўна зразумець, як хрысціянская супольнасць у гэты перыяд радыкальных культурных змен можа быць значнай прысутнасцю, якая сведчыць пра любоў Айца", - працягваў арцыбіскуп.

Фізікела паставіў перад удзельнікамі асамблеі важныя пытанні: "Дзе засяроджаны наш погляд? На Айцу і Сыне ці на саміх сабе? Ці мы лічым сябе, згодна са словамі Паўла, супрацоўнікамі Бога, ці гаспадарамі нашага жыцця?"

Эфектыўнасць не вырашыць усіх праблем, калі мы не пачнём са слухання і сузірання

"Слухаць, сузіраць, дзейнічаць. Калі нашыя намаганні пачынаюцца з апошняга дзеяслова, прымаючы як нешта відавочнае слуханне і сузіранне, гэта значыць перадумовы веры, мы лёгка трапім у спакусу, тыповую для часткі сучаснай культуры, якая бачыць у эфектыўнасці рашэнне для ўсіх сацыяльных, палітычных і касцельных праблем", - папярэдзіў ватыканскі прапрэфект.

Вечнае жыццё – гэта ласка, якая ўсё падтрымлівае і робіць эфектыўным наша душпастырства

"Толькі праз слуханне і сузіранне мы можам стаць супольнасцю, якая сапраўды сведчыць пра ўваскрасенне Пана. Асабліва ў наш час, калі надзея павінна разгарэцца яркім полымем, а не тлець як вуголле, што вось-вось згасне", - падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.

Завяршаючы сваю гамілію, ён дадаў: "Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае – наколькі глыбока мы павінны ўсвядоміць гэтую ісціну! Менавіта гэтае вечнае жыццё, жыццё самога Бога, падоранае нам у дзень хросту, з'яўляецца той ласкай, якая падтрымлівае ўсё нашае існаванне і надае сапраўдную эфектыўнасць нашаму душпастырскаму служэнню".

Паводле інфармацыі “ACI Stampa”, у Другой сінадальнай асамблеі Касцёла ў Італіі прымаюць удзел 1008 дэлегатаў. Чатырохдзённы сход завяршае працу 3 красавіка 2025 года.

03 красавіка 2025, 10:56