MAP

“Statio Orbis” на Плошчы Святога Пятра, 27 сакавіка 2020 года “Statio Orbis” на Плошчы Святога Пятра, 27 сакавіка 2020 года  (Vatican Media)

У Лацінскай Амерыцы адзначаць пяцігоддзе "Statio Orbis"

Прайшло пяць гадоў з таго дажджлівага дня, калі на пустой Плошчы Святога Пятра Францішак маліўся за чалавецтва, якое ахапіла пандэмія каронавіруса. Гэты вобраз застаўся ў памяці мільёнаў людзей.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Каб адзначыць гадавіну "Statio Orbis", аргенцінскі партал "Infobae en Vivo" прадставіць спецыяльную праграму "Дзень надзеі: пяць гадоў пасля Statio Orbis Папы Францішка". Яна выйдзе ў эфір 27 сакавіка 2025 года ў 17:00 (па мясцовым часе).

Праграма будзе трансліравацца ва ўсёй Лацінскай Амерыцы. Яна стане платформай для дыскусіі пра значэнне гэтай гістарычнай падзеі і ўплыў Францішка на сучасны свет. Сярод удзельнікаў будуць выбітныя прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, судовай сістэмы, журналістыкі і акадэмічнай супольнасці з розных краін свету.

"Дзень надзеі" быў заснаваны ў 2022 годзе ў Лацінскай Амерыцы па ініцыятыве Інстытута глабальнага дыялогу і культуры сустрэчы. Праект падтрымалі такія арганізацыі, як Біскупская рада Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM), Касцельная Канферэнцыя Амазоніі (CEAMA), Панамазонская касцёльная сетка (REPAM), Міжамерыканская канфедэрацыя каталіцкай адукацыі (CIEC), Канфедэрацыя рэлігійных супольнасцяў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CLAR), Caritas Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, Канферэнцыя Біскупаў Аргенціны (CEA) і ватыканская Дыкастэрыя па камунікацыі.

У праграме прымуць удзел кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; кардынал Пэдра Барэта Хімэна, старшыня Панамазонскай касцёльнай сеткі; прэфект і сакратар Дыкастэрыі па камунікацыях – Паола Руфіні і ксёндз Лусіа Адрыян Руіс; біскупы Рауль Пісара Траверс, генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Аргенціны, Лізарда Эстрада Эрэра, генеральны сакратар Біскупскай рада Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна і мансіньёр Пэдра Брасэска, дапаможны генеральны сакратар рады; Рыкарда Ларэнцэці, суддзя Вярхоўнага суда Аргенціны; Осцін Айверэй, пісьменнік і біёграф Францішка; айцец Даніэль Грудзі, эксперт па міграцыі і намеснік рэктара Універсітэта Нотр-Дам; і Габрыэла Сака, дырэктар Інстытута глабальнага дыялогу і культуры сустрэчы.

У праграме будуць паказаны эксклюзіўныя кадры здымкаў “Statio Orbis”. Яна завершыцца запрашэннем святкаваць гэты жэст адзінства і надзеі штогод.

26 сакавіка 2025, 16:06