MAP

Тыдзень у Беларусі – важнае Тыдзень у Беларусі – важнае 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Віншаванне новаму прадстаўніку Папы Францішка ў Беларусі, рэкансэкрацыя касцёла і будаўніцтва санктуарыя, пачатак малітвы духоўнага ўсынаўлення – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў новапрызначанага Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі скіраваў сардэчныя віншаванні мансіньёру Іньяцыа Чэфаліа з новым прызначэннем і ўзвядзеннем да годнасці арцыбіскупа. Беларускі іерарх выказаў упэўненасць, што багаты дыпламатычны вопыт прадстаўніка Папы Францішка дапаможа яму "найлепшым чынам выконваць новую місію ў Беларусі", і даручыў яго служэнне Найсвяцейшай Панне Марыі, асабліва шанаванай у Будславе.

У Ляхавічах адбылася ўрачыстасць рэкансэкрацыі касцёла. 22 сакавіка 2025 года пасвячэнне гістарычнага храма святога Юзафа пасля яго аднаўлення і паўторнага аддання ў выключнае служэнне Богу здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Урачыстая святая Імша адбылася з удзелам шматлікіх вернікаў і духавенства, у тым ліку Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

У Бялынічах праходзіць грамадскае абмеркаванне будаўніцтва санктуарыя. Праект узвядзення ў райцэнтры на Магілёўшчыне санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай вынесены на грамадскае абмеркаванне, якое працягваецца да 7 красавіка 2025 года. Пад будаўніцтва санктуарыя выдзелена пляцоўка на месцы старадаўніх знішчаных каталіцкіх могілак. Малітоўная зала святыні разлічана максімальна на 70 месцаў. У падвальна-цокальным паверсе будуць зала на 48 чалавек, парафіяльнае бюро, клас для катэхезы. Над сакрыстыяй прадугледжаны два тэхнічныя ўзроўні для абслугоўвання алтара – заслона цудатворнага абраза Маці Божай.

Звеставанне Пана ў Гродне адзначылі з удзелам біскупаў. 25 сакавіка 2025 года ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася адпустовая ўрачыстасць. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй пры ўдзеле біскупа эмэрыта Аляксандра Кашкевіча і святароў. У літургіі ўдзельнічала шмат вернікаў з іншых парафій, семінарысты, сёстры-назарэтанкі. У гаміліі ардынарый заахвоціў маліцца аб тым, каб "чалавечае жыццё ў нашай краіне шанавалася з моманту зачацця да натуральнай смерці, каб Дух Святы, які натхніў нашых братоў і сясцёр на высакародную ідэю духоўнага ўсынаўлення, даў ім ласку вытрываць у добрых намерах і каб на ўзор Хрыста і Яго Маці мы заўсёды былі поўныя веры, надзеі і любові". У канцы ўрачыстасці многія з прысутных вернікаў далучыліся да малітвы духоўнага ўсынаўлення.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся ў парафіі святога Францішка пад Мінскам. 21 сакавіка 2025 года заслужаны іерарх, які праходзіць курс лячэння ад анкалогіі, цэлебраваў тут святую Імшу і ўдзельнічаў у набажэнстве Крыжовага шляху, які правялі з элементамі перфомансу, спалучыўшы малітву з мастацтвам. На заканчэнне набажэнства арцыбіскуп эмэрыт пажадаў вернікам не баяцца зла і выпрабаванняў, а імкнуцца да ўваскрасення і перамогі жыцця, бо любая трагедыя можа абярнуцца трыумфам ўваскрасення.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

29 сакавіка 2025, 07:32