MAP

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Малітва за Папу і арцыбіскупа, новы пробашч у Тракелях, развітанне з законніцай – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Мінску памаліліся аб здароўі для Пантыфіка і арцыбіскупа Кандрусевіча. 13 сакавіка 2025 года, у 12-ю гадавіну абрання Папы Францішка на Пасад святога Пятра, у катэдральным касцёле цэлебравалі святую Імшу аб аздараўленні для Пантыфіка, а таксама для арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які хварэе анкалагічным захворваннем і праходзіць сеанс хіміятэрапіі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пры ўдзеле біскупа Юрыя Касабуцкага, Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі монсіньора Кшыштафа Сэрокі.

У гродзенскай семінарыі распачалі Вялікі пост рэкалекцыямі. На першым тыдні Вялікага посту, з 5 па 8 сакавіка 2025 года, у Вышэйшай духоўнай семінарыі адбыліся рэкалекцыі, якія правёў айцец Павел Федаровіч. Канферэнцыі ў межах рэкалекцый базаваліся на чатырох відах фармацыі семінарыстаў. Рэкалекцыяніст адзначыў, што найважнейшае, чаму павінны вучыцца ў семінарыі будучыя святары, – гэта тое, як будаваць адносіны з Богам, іншымі людзьмі і самім сабой.

Біскуп Андрэй Зноска знаёміцца з супольнасцямі Пінскай дыяцэзіі. 9 сакавіка 2025 года вернікаў вёскі Лотвічы і парафію Божай Міласэрнасці ў Баранавічах наведаў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі. Гэтыя парафіі аб’ядноўвае асоба душпастыра – ксяндза Паўла Рудзьмана, які вядзе будову баранавіцкага касцёла і даязджае ў капліцу ў Лотвічах. У прамоўленых казаннях іерарх засяродзіўся на духоўных пошуках, якімі павінны быць напоўнены дні Вялікага посту. Парафія Божай Міласэрнасці стала завяршальнай у шэрагу каталіцкіх супольнасцяў Баранавічаў, якія ўжо наведаў біскуп Андрэй пасля свайго прыезду ў Пінскую дыяцэзію.

Прызначаны новы кусташ санктуарыя ў Тракелях. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй 8 сакавіка 2025 года вызваліў ад абавязкаў пробашча парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі і кусташа дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў ксяндза Юрыя Бяганскага. Ён прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме. Адпаведна, былы пробашч гэтай парафіі ксёндз Уладзіслаў Сурвілa накіраваны служыць у Тракелі.

У Індуры адбылося пахаванне сястры Агнешкі Ляшко. 8 сакавіка пахавальную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч пры ўдзеле Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча. У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што сястра Агнешка, больш вядомая пад іменем Лілія, шмат гадоў служыла ў Індуры і была найбліжэйшай памочніцай святой памяці айца Казіміра Жыліса. Апошнія 20 гадоў сястра Агнешка служыла пры парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, pinskdiocese.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

15 сакавіка 2025, 09:35