MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Сустрэчы з духавенствам і катэхетамі, літаратурная імпрэза, велікапосная акцыя – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Магілёве іерархі сустрэліся з духавенствам мясцовых дэканатаў. 26 лютага 2025 года ў пастырскай сустрэчы ў касцёле святога Антонія ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, Часовы павераны ў справах Святога Пасада ў Беларусі монсіньор Кшыштаф Сэрока. У праграме былі духоўная канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой маліліся ў інтэнцыі хворага Папы Францішка, святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Ён заахвоціў атаясамлівацца з пробашчам з Арса, які з’яўляецца прыкладам адданага і ахвярнага служэння ў парафіі.

Семінарысты наведалі касцёлы некалькіх дэканатаў. 22 лютага 2025 года студэнты прапедэўтычнага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне са сваім мадэратарам здзейснілі падарожжа па касцёлах Мастоўскага, Слонімскага і Ваўкавыскага дэканатаў. Пры сустрэчах з семінарыстамі пробашчы падзяліліся сваім досведам душпастырства, пазнаёмілі з гісторыяй святыняў і парадкам іх абслугоўвання, далі парады на будучыню.

Памяць Рыгора Барадуліна ўшанавалі ў Мінску з удзелам іерархаў. 90-годдзе з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі святкавалі 26 лютага 2025 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры. Літаратурна-музычная вечарына з удзелам арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і архімандрыта Сяргея Гаека прайшла з аншлагам. На імпрэзу запрасілі людзей, якія падарожнічалі разам з народным паэтам, складалі і спявалі песні на ягоныя вершы, выдавалі ягоныя кнігі. Кожны, хто прачытаў на вечарыне ўлюбёныя радкі з твору класіка, атрымаў у падарунак кнігу паэзіі Рыгора Барадуліна – каталіцкага верніка. Завяршыўся вечар агульнай малітвай Ойча наш.

У Гродне прайшла фармацыйная сустрэча для катэхетаў дыяцэзіі. 23-24 лютага 2025 года сустрэчу арганізаваў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі. У межах мерапрыемства адбыліся канферэнцыі, а ў другі дзень сустрэчы ўдзельнікаў прывітаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён падкрэсліў, што дзякуючы служэнню катэхетаў Евангелле можа абвяшчацца многім маладым людзям. "Вы – неабходны знак і голас Касцёла ў вашых парафіях. Вы вельмі важныя, бо ваша служэнне – гэта найперш пакліканне! Гэта рэальнасць уводзіць кожнага катэхета ў глыбокія адносіны любові з Хрыстом, Боскім Настаўнікам", – сказаў іерарх.

Віцебскі Caritas ладзіць вялікапосную акцыю для падтрымкі маленькай верніцы. Мэта акцыі Дар сэрца, – сабраць сродкі для пакупкі вазка з электрарухавіком для паралізаванай дзяўчынкі, 14-гадовай Крысціны, парафіянкі катэдры ў Віцебску. Дыяцэзіяльны Caritas замовіў скарбонкі для дзяцей, моладзі і бацькоў, якія захочуць паўдзельнічаць у акцыі. Скарбонкі распаўсюджваюцца ў парафіях дыяцэзіі. На працягу Вялікага посту жадаючыя будуць адкладаць туды свае ашчаджэнні, за якія пазней Caritas набудзе вазок.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

01 сакавіка 2025, 06:44