MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Швейцарыі ўводзіць псіхалагічнае тэставанне святароў

У Швейцарыі для кандыдатаў у святары і душпастырскіх работнікаў уводзіцца абавязковае псіхалагічнае тэставанне з мэтай прадухілення магчымых злоўжыванняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Касцёл у Швейцарыі ўзмацняе меры бяспекі, каб прадухіліць выпадкі сексуальных злоўжыванняў. Згодна з дэкрэтам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ад 11 сакавіка 2025 года, усе кандыдаты ў святары і душпастырскія работнікі павінны прайсці абавязковае псіхалагічнае тэставанне.

Працэдура ўключае чатыры этапы: псіхалагічны тэст, гутарку з экспертамі па ацэнцы прафесійных якасцяў, судова-клінічную ацэнку рызык і заключную гутарку з кіраўніком семінарыі або біскупам. Гэта патрабаванне распаўсюджваецца і на замежных святароў, якія жадаюць працаваць у Швейцарыі.

Меры прыняты ў адказ на даследаванне Цюрыхскага ўніверсітэта, якое выявіла 921 ахвяру сексуальных злоўжыванняў у касцельным асяроддзі Швейцарыі. Новая сістэма адбору, распрацаваная з удзелам судовых псіхолагаў, аналізуе рызыкі, уключаючы асаблівасці сексуальнага развіцця і спосабы ўстанаўлення адносін.
 

28 сакавіка 2025, 10:36