MAP

“Францішак, вяртайся да нас”: дзеці маліліся ля клінікі “Джэмэлі”

Каля 300 дзяцей з розных рэгіёнаў Італіі сабраліся ў нядзелю, 16 сакавіка 2025 года, на плошчы перад рымскай клінікай “Джэмэлі”, каб выказаць сваю блізкасць Святому Айцу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Візіт быў арганізаваны Папскім камітэтам па правядзенні Сусветнага дня дзяцей. Вучні каталіцкіх школ, скаўты, дэлегацыя ЮНІСЕФ і нават маленькія прадстаўнікі італьянскай будысцкай супольнасці прыйшлі да шпіталя незадоўга да паўдня. У гэты час Пантыфік звычайна праводзіць малітву “Анёл Панскі”, але з прычыны яго шпіталізацыі ўжо больш за месяц у Ватыкане публікуецца толькі тэкст папскага разважання.

Дзеці прынеслі з сабой кветкі і лісты з пажаданнямі хуткага выздараўлення. “Францішак, вяртайся да нас!”, “Папа дапамагае ўсім” – такія надпісы можна было ўбачыць на іх малюнках.

Пасля супольнай марыйнай малітвы былі зачытаны словы, якія Пантыфік адрасаваў сваім маленькім сябрам: “Дзякую вам усім за малітвы і тым, хто з вялікай адданасцю дапамагае мне. Я ведаю, што многія дзеці моляцца за мяне, і некаторыя з іх прыйшлі сёння сюды, у “Джэмэлі”, на знак блізкасці. Дзякуй вам, дарагія дзеці! Папа любіць вас і заўсёды чакае сустрэчы з вамі”, - запэўніў Францішак.

На заканчэнне сустрэчы група дзяцей разам з біскупам Клаўдыё Джуліядоры, касцельным асістэнтам Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, да якога належыць клініка “Джэмэлі”, прайшлі ў бальнічную капліцу. Там яны пакінулі букет белых кветак і малюнкі для Святога Айца. На адным з іх быў кранальны надпіс, напісаны дзіцячай рукой: “Матачка Божая, зрабі так, каб Папа Францішак выздаравеў”.
 

17 сакавіка 2025, 10:32