MAP

Экуменічнае набажэнства ў берлінскай катэдры Святой Ядзвігі з удзелам прадстаўнікоў улады. Ілюстрацыйнае фота Экуменічнае набажэнства ў берлінскай катэдры Святой Ядзвігі з удзелам прадстаўнікоў улады. Ілюстрацыйнае фота  (AFPor licensors)

Крызіс веры: хрысціянскія супольнасці Германіі губляюць вернікаў

У 2024 годзе з Каталіцкага Касцёла і Евангелічнай Царквы ў Германіі разам выйшла каля за 670 тысяч чалавек. Лідары хрысціянскіх супольнасцей заклікаюць шукаць новыя шляхі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзве найбуйнейшыя хрысціянскія супольнасці ў Германіі працягваюць сутыкацца са значным адтокам вернікаў. Паводле даных, апублікаваных 27 сакавіка 2025 года, у 2024 годзе Каталіцкі Касцёл пакінула 321 611 чалавек, а Лютэранскую Царкву – 345 тысяч. Упершыню з 2018 года колькасць тых, хто выйшаў з евангелічных супольнасцей, перавысіла аналагічныя паказчыкі ў католікаў.

Гэта выклік для ўсіх

"Мы не можам ігнараваць гэтыя лічбы", - заявіў старшыня каталіцкага епіскапату біскуп Георг Бэтцынг. Ён падкрэсліў, што Касцёл павінен шукаць "новыя і смелыя шляхі", каб заставацца блізкім да людзей. Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на патрэбы моладзі і сем'яў, якія чакаюць ад Касцёла падтрымкі ў адукацыі, выхаванні і сацыяльнай сферы.

Хрост — аснова нашай супольнасці

Евангелічныя лідары таксама выказалі занепакоенасць сітуацыяй. Епіскап Кірстэн Ферс адзначыла, што асабліва трывожыць зніжэнне колькасці хростаў: у 2024 годзе іх было каля 110 тысяч супраць 136 тысяч годам раней. "Мы павінны растлумачыць значэнне хросту як асновы хрысціянскай супольнасці", - заявіла яна.

Статыстыка сведчыць аб агульным зніжэнні ўдзелу ў сакрамэнтах і рэлігійных практыках. У Каталіцкім Касцёле колькасць хростаў упала да 116 тысяч (у 2023 годзе – 131 тысяча), колькасць касцельных шлюбаў зменшылася на пяць тысяч, а колькасць пахаванняў склала амаль 213 тысяч. Аднак назіраецца невялікі рост колькасці ўдзельнікаў набажэнстваў – да 6,6 працэнта ад агульнай колькасці вернікаў.

Мы павінны дзейнічаць там, дзе гэта найбольш неабходна

Абедзьве супольнасці прызнаюць неабходнасць структурных рэформ і адаптацыі да сучасных выклікаў. "Царква павінна дзейнічаць там, дзе яна можа быць найбольш карыснай пры абмежаваных рэсурсах", - падкрэсліла епіскап Ферс.

Нягледзячы на крызіс, лідары хрысціянскіх супольнасцей застаюцца аптымістамі і імкнуцца знайсці новыя шляхі для аднаўлення даверу і прыцягнення людзей да веры.
 

29 сакавіка 2025, 11:36