MAP

Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардынал Кох: 75 гадоў і просьба аб адстаўцы

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, што падаў у адстаўку ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, але Папа яшчэ не адказаў на яго просьбу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб гэтым швейцарскі кардынал Курт Кох паведаміў у інтэрв'ю EWTN News у чацвер, 27 лютага 2025 года. Гэты крок звязаны з кананічным патрабаваннем: біскупы павінны фармальна падаць у адстаўку ў дзень свайго 75-годдзя, якое кардынал Кох адзначыць 15 сакавіка 2025 года.

Іерарх патлумачыў, што яшчэ не атрымаў адказу на сваю просьбу, паколькі Святы Айцец з 14 лютага 2025 года знаходзіцца ў шпіталі. "Святы Айцец мае іншыя клопаты, чым адказваць на лісты", - зазначыў ён.

Хрыстус мае першынство ва ўсім

Кардынал Кох, які быў прызначаны прэфектам Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Папам Бэнэдыктам XVI 1 ліпеня 2010 года, адыграў значную ролю ў экуменічных намаганнях Каталіцкага Касцёла. З 19 сакавіка 2022 года гэтая ўстанова носіць назву Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

"Папа Францішак заўсёды надаваў вялікую ўвагу непасрэдным сустрэчам з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі. Ён заўсёды выкарыстоўвае тры словы, каб выразіць гэтыя адносіны: агульнае падарожжа, агульная малітва, агульнае дзеянне", - падкрэсліў кардынал Кох у інтэрв'ю.

“Сёння мы назіраем тэндэнцыю, калі кожны лічыць, што можа перамадэляваць Касцёл паводле ўласнага меркавання”

Кардынал Кох адзначыў: "У сённяшнім Касцёле мы назіраем тэндэнцыю, калі кожны лічыць, што можа перамадэляваць Касцёл паводле ўласнага меркавання. Аднак мы павінны зноў прызнаць, што гэта не наш Касцёл, а Касцёл Хрыста, і што мы знаходзімся на Яго служэнні".

Спасылаючыся на вобраз з Айцоў Касцёла, кардынал дадаў, што Касцёл з'яўляецца "месяцам", у той час як Хрыстус – сонцам. "Месяц не можа ўявіць сабе, што сам з'яўляецца сонцам, ён не мае іншага святла, акрамя святла сонца, а менавіта святла, якое зыходзіць ад Хрыста", - сказаў кардынал Курт Кох у інтэрв'ю тэлеканалу EWTN.

Вораг не адрознівае канфесій

Кардынал адзначыў, што Францішак таксама падкрэсліваў так званы "экуменізм крыві", маючы на ўвазе той факт, што пераследнікі хрысціян не адрозніваюць католікаў, лютэран ці праваслаўных. "Калі ворагі аб'ядноўваюць нас у смерці, як мы можам заставацца падзеленымі?" - неаднаразова пытаўся Папа.

Асаблівую ўвагу кардынал Кох надаў сваім адносінам з Праваслаўнай Царквой. Ён быў сярод дэлегацыі, якая ўдзельнічала ў гістарычнай сустрэчы Францішка з Патрыярхам Кірылам у 2016 годзе ў Гаване. "Мы спадзяваліся, што гэта стане пачаткам інтэнсіўных адносін", - прызнаўся іерарх. Аднак падтрымка Кірылам расійскай агрэсіі супраць Украіны не толькі прывяла да "ўнутранага канфлікту ў праваслаўі", але і ўскладніла адносіны з Каталіцкім Касцёлам.

01 сакавіка 2025, 08:21