Старшыня COMECE: абарона і бяспека неабходныя для міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У Нэмі, недалёка ад Рыма, іерарх адкрыў вясновую пленарную асамблею арганізацыі епіскапатаў ЕС. Яе тэма – “Перспектывы Еўрапейскага Саюза на новы тэрмін і ў кантэксце бягучых геапалітычных змен”.
Біскуп Крачата адзначыў, што абарона і бяспека неабходныя для міру, і падкрэсліў важнасць стрымлівання агрэсара, што не выключае дыялогу і дыпламатыі “на ўсіх узроўнях і з усімі”. Ён падкрэсліў, што Еўрапейскі Саюз павінен выступаць будаўніком мастоў і падтрымліваць дыялог з усімі міжнароднымі гульцамі. Аднак, калі давер парушаны і ўсе намаганні па ўмацаванні міру церпяць няўдачу, трэба прызнаць неабходнасць развіцця агульнай абароны для стрымлівання і, магчыма, “процідзеяння пагрозам ваеннага характару ў рамках глабальнага падыходу”.
Старшыня COMECE адзначыў, што павелічэнне выдаткаў на абарону не павінна весці да скарачэння бюджэту ў іншых ключавых сферах умацавання міру – “такіх як дапамога развіццю, палітыка згуртаванасці, а таксама барацьба з нябачнымі канфліктамі, такімі як голад, беднасць, сацыяльная і экалагічная дэградацыя”. У той жа час ён звярнуў увагу на адсутнасць адзінства паміж краінамі-членамі Еўрапейскага Саюза і на раскол паміж еўрапейскай элітай, якая асацыюецца з бюракратыяй і тэхнакратыяй, і грамадзянамі, якія часта ўспрымаюць ЕС як варожую структуру. Між тым, галоўная задача Саюза – гэта развіццё ўсіх яго членаў.
Разважаючы пра расейскую агрэсію супраць Украіны, старшыня COMECE перасцярог ад скажэння рэальнасці, спробаў выставіць Украіну ў якасці агрэсара і выкарыстання яе як разменнай манеты ў перамовах аб яе лёсе. “Гэта вайна азначае канец працяглага перыяду міру. Хоць яна і з’яўляецца знешняй у адносінах да краін ЕС, выкліканы ёю пераварот у еўрапейскіх рамках глыбока змяняе сітуацыю. Ён перарывае перыяд бесперапыннага міру з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны і адкрывае сцэнары, якія цяжка ўявіць, што выклікае вялікую занепакоенасць”, - падкрэсліў біскуп Марыяна Крачата.