MAP

Канферэнцыя "Вызнанне Нікейскага Сабору: гісторыя і тэалогія" у Папскім Грыгарыянскім універсітэце Канферэнцыя "Вызнанне Нікейскага Сабору: гісторыя і тэалогія" у Папскім Грыгарыянскім універсітэце  

1700 гадоў Нікейскаму Сабору: крок да агульнай даты Вялікадня?

Магчымасць сумеснага святкавання Вялікадня ўсімі хрысціянамі абмяркоўваецца ў Рыме падчас канферэнцыі, прысвечанай 1700-годдзю Нікейскага Сабора – першага экуменічнага сабора ў гісторыі хрысціянства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме стаў месцам сустрэчы прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій, якія сабраліся на канферэнцыю і выставу, прысвечаныя 1700-годдзю Нікейскага Сабора. Гэта знамянальная падзея адбываецца ў Юбілейны Год, прысвечаны надзеі, што надае яму асаблівае значэнне.

Сабор адзінства, які актуальны і сёння

"Сабор нагадвае, якім чынам вера вызначае нас як хрысціян нават сёння", - падкрэсліў ксёндз Марк Льюіс, рэктар Грыгарыянскага ўніверсітэта, адкрываючы канферэнцыю "Вызнанне Нікейскага Сабору: гісторыя і тэалогія".

Нікейскі Сабор быў скліканы імператарам Канстанцінам у 325 годзе для вырашэння крызісу еднасці, які, як нагадвае Папа Францішак у дакуменце «Spes non confundit», знаходзіўся пад "сур'ёзнай пагрозай адмаўлення боскасці Езуса Хрыста і Яго роўнасці з Айцом". На Саборы прысутнічала каля 300 біскупаў, уключаючы легатаў Папы і прадстаўнікоў Усходняй Царквы. Сабор асудзіў арыянскую ерась і абвясціў тэкст Credo – хрысціянскага вызнання веры, якое і сёння з'яўляецца фундаментам хрысціянскай дактрыны.

Міхаэль Зеевальд з Універсітэта Мюнстэра, які восенню будзе арганізоўваць другую частку мерапрыемства, адзначыў, што ідэя правядзення сумеснай канферэнцыі паміж Грыгарыянскім універсітэтам і Каталіцкім універсітэтам у Германіі ўзнікла падчас форуму аб сінадальнасці, які праходзіў два гады таму ў Рыме.

Адна дата Вялікадня – вяртанне да першапачатковых намераў

Нікейскі Сабор, між іншым, абмеркаваў пытанне даты, калі павінен святкавацца Вялікдзень. У IV стагоддзі было выказана жаданне "сумеснага святкавання Вялікадня": імператар Канстанцін, як паведамляе Яўсевій з Кесарыі, хацеў, каб хрысціяне адзначалі Пасху ў адзін дзень.

"Цяпер, у гэтую гадавіну, калі мы адзначаем 1700 гадоў з часу Нікейскага Сабора, мы можам вярнуцца да пытання, як святкаваць Вялікдзень і калі яго святкаваць", з кажа Даніэль Галадза, з Папскага Усходняга інстытута, выказваючы надзею на тое, што ўдасца ўстанавіць "адну дату Вялікадня" для ўсіх хрысціян.

Гэтая дыскусія становіцца асабліва актуальнай у кантэксце экуменічных намаганняў і пошуку шляхоў да большай еднасці сярод хрысціян розных канфесій.

Выстава "Аб усіх рэчах бачных і нябачных", якую можна наведаць да 13 сакавіка 2025 года ў атрыуме Грыгарыянскага ўніверсітэта, дапаўняе канферэнцыю і дазваляе глыбей зразумець значэнне гэтай гістарычнай падзеі.

01 сакавіка 2025, 07:06