MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Сустрэча кансэкраваных асобаў, калядны фестываль, пераклады дакументаў – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Агульнабеларуская сустрэча кансэкраваных асобаў прайшла ў Мінску. 3 лютага 2025 года сустрэча, прымеркаваная да Юбілейнага года, адбылася ў парафіі Божага Цела, паведаміў у сваім Instagram Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Напярэдадні санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі з нагоды свята наведалі законныя сёстры з парафій, размешчаных паблізу. Айцы кармэліты, якія служаць у санктуарыі, запрасілі кансэкраваных асобаў адсвяткаваць гэты дзень удзелам у святой Імшы, супольным абедзе і адпачынку.

Фестываль калядных спеваў адбыўся ў Іўі. 2 лютага 2025 года на маштабным форуме Gloria in excelsis Deo сабраліся прадстаўнікі парафій і вакальных калектываў – агульная колькасць удзельнікаў склала амаль 300 чалавек. Фестываль пачаўся святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла. Выступленні ўдзельнікаў фестывалю праходзілі ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу.

Прадстаўлены пераклады на беларускую мову сінадальнага дакументу і энцыклікі Папы. 5 лютага 2025 года біскуп Аляксандр Яшэўскі прадставіў беларускі пераклад Выніковага дакумента ХVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Таксама па-беларуску загучала Чацвёртая энцыкліка Папы Францішка Dilexit nos, прысвечаная чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста.

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры адзначылі адпуст у свята Ахвяравання Пана. 2 лютага 2025 года ў капліцы гэтай установы ў Мінску цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўрачыстасці таксама ўдзельнічаў Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока. Капліца пад тытулам Ахвяравання Пана – адзінае месца культу ў архідыяцэзіі, прысвечанае Маці Божай Грамнічнай. Пасля Імшы адбылося мерапрыемства для бабуляў і дзядуляў маленькіх наведвальнікаў Місіі Добрага Самараніна, якая дзейнічае ў Цэнтры.

У Полацку з удзелам біскупа Алега Буткевіча прайшла дыяцэзіяльная сустрэча руху Маці ў малітве. 1 лютага 2025 года ў парафіі святога Андрэя Баболі сабраліся каля 130 матуль разам са сваімі пробашчамі. Пасля Адарацыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся ў інтэнцыі усіх удзельніц руху, іх дзяцей і сем’яў. Пасля адбыліся канферэнцыя і супольны абед.

Пробашч на Магілёўшчыне запусціў праект у сацсетцы, каб сабраць ахвяраванні на рамонт святыні. Касцёльны комплекс у райцэнтры Чавусы неабходна вывесці з аварыйнага стану, але сума на працы – непад'ёмная для маленькай парафіі. Таму пробашч, ксёндз Андрэй Кеўліч адкрыў у Instagram старонку для збору ахвяраванняў. У серыі відэа святар распавядае пра сітуацыю і адказвае на пытанні, а парафіяне – дзякуюць усім ахвярадаўцам і абяцаюць малітву за іх. Рэквізіты для дапамогі ёсць на старонцы пробашча.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

08 лютага 2025, 06:59